У вёсцы — назваю Ячонкі —
Старым чынам — на дзевяты
Ў Шкурдзюка Лявона жонкі
Сын радзіўся — хоць у сваты!
Цераз тыдзень-два, ня болей,
Як належыцца па таксе,
Шкурдзюкі уласнай воляй
Запісалі сына ў „Загсе“.
І на гэтым дзела стала,
Хоць старая матка ў звычай
Па-даўнейшаму чакала,
Што Лявон папа пакліча:
„Ня хрысьціўшы-ж, не гадзіцца!
Трэ‘ й вадзіца, трэ й крапідла.
Бо інакш ня варт радзіцца, —
Як якое-небудзь быдла!
Ведзер з пяць патрэбна брагі,
Падсьвінака на салому,
Каб было чаго ад смагі
Пасмактаць таму-другому,
Бо забрэшуць, калі мала —
Хай іх высмакча хвароба!“
Гэтак матка разважала,
Паглядаючы з-пад лоба…
|