Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

най творчасці. Таму найчасцей у яго сустракающца вершы ў форме песень, у тым ліку іранічных, якія высмейваюць п'яніцу, нядбайліцу, гультая; саркастычных, пабудаваных у форме дыялогу, дзе закранаюцца галоўным чынам грамадскія пытанні: балад і вершаапавяданняў, маючых на мэце маральнае ўздзейнічанне на чалавека. З гэтай жа прычыны большасць апавяданняў і вершаў падаецца ў форме расказа ад першай асобы, звычайна ад пажылога селяніна: па думцы Багушэвіча, такая форма выкліча найбольшую веру ў чытача-селяніна, глыбей на яго ўздзейнічае, тым больш, што яна дае магчымасць паэту мову верша максімальна наблізіць да мовы самога селяніна, скарыстаць народныя выразы, пагаворкі, параўнанні, падтрымаць аўтарскую думку народнай мудрасцю прымавак, якія склаліся і адшліфаваліся вякамі. Усё гэта робіць паэзію Францішка Багушэвіча сапраўды народнай паэзіяй, і ў гэтым сэнсе ён па праву можа лічыцца папярэднікам народных паэтаў рэспублікі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праўда, Багушэвіч ніколі не застаецца на ўзроўні фальклорнага прымітыву і ніколі не скарыстоўвае ўзятую цытату з народнай творчасці: ён абавязкова творча яе перапрацоўвае, падроўнівае пад лепшыя ўзоры народнай песні, сказа, дзе сапраўды паэтычная, адшліфаваная вякамі форма спалучаецца з глыбокім пачуццем і філасофскай думкай. Для прыкладу можна ўзяць такія вершы, як «Ахвяра», «Воўк і авечка», «Песня», «Чаго бяжыш, мужычок?» і другія. У вершы «Ахвяра» ў пералік зразумелых селяніну добрых якасцей чэснага чалавека ― «не жадаць чужога», любіць і шанаваць сям'ю, не быць п'яніцай ― Багушэвіч украплівае рад палітычных грамадскіх абавязкаў чалавека ― уменне «сваё дзела як трэба рабіць», «не драць нос перад меншым» і «не гнуць спіну перад большым», не жадаць «айчызны чужых», «не драць падвойнай платы за зямлю», прычым робіць гэта ў стылі ўсёй народнай антыпанскай паэзіі, нацэліўшы на гэта верш першымі двума радкамі:

Маліся ж, бабулька, да бога,
Каб я панам ніколі не быў.