Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

Гэтым самым усе адмоўныя якасці, ад якіх адмаўляецца паэт, складаюць негатыўны вобраз пана — сквапнага на чужую працу, ліслівага перад начальствам і напышліва-ганарлівага перад мужыком, распусніка, здрадніка свайму краю, грабежніка чужых зямель, бессаромна прысвойваючага зямлю і працу селяніна. Аналіз гэтага твора паказвае, што мы маем справу з высока таленавітым паэтам, які ўмее стварыць паэтычны вобраз сапраўды паэтычнымі сродкамі, авеяць яго глыбокім пачуццём, у дадзеным выпадку нянавісцю да пана і глыбокай пашанай да простага працоўнага чалавека, ствараючы ўсё гэта не ў лоб, а праз паэтычнае апасрэдстваванне, праз паказ цэлай гамы чалавечых пачуццяў і разнастайнасць глыбокіх думак. Верш «Воўк і авечка» пранізаны гумарам народных казак у такой же меры, як байкі Крылова, насычаны народнымі выразамі («плачуць, як бабры, абое», «злітаваўся, як які аконам», «будуць косці, будзе мяса», «між ваўкоў трэба выць ваўкамі») ― у той жа час з'яўляецца самастойнай арыгінальнай трактоўкай адвечнай тэмы «ваўкі і авечкі», зробленай з вялікім густам, літаратурна высокімі сродкамі. Напомнім хаця б такі адказ авечкі:

Дзякуй, дзякуй, ягамосці,
За весці такія!
Няхай прыйдзе сын у госці,
Пагляджу, ці вые?..

У ім і навелістычная нечаканасць, і афарыстычнасць народнага сказа, і народная форма звароту, і трапнасць удару, якія па плячу мастаку-філосафу.

Прыкладам самастойнай распрацоўкі ўзятых з народнага тэм можна прывесці песню «Гора», якая з'яўляецца агульнай для рускага і беларускага фальклору («Я от горя во темны леса»). Прывядзём восем радкоў, якія асабліва яскрава сведчаць аб творчай арыгінальнасці Багушэвіча:

Склаў я гора ды у дошкі,
Закапаў у велькі роў.
Адышоў ад ямы трошкі,
Аж у хаце гора зноў.
Ой гора ж маё!