Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

Завярнуўшы у салому.
Гора ў лапаць, палажыў,
Абуў лапаць, сышоў з дому:
Гора - горам, - лапаць згніў.

|}

Нельга бліжэй падысці да народнага адлюстравання барацьбы селяніна са сваім горам, чым гэта зрабіў Багушэвіч, застаючыся ў той час самастойным творцам паэтычнага вобраза. Ён захаваў адценні пачуццяў, якія ўкладзены народам у фальклорную песню: адчуванне неадвязнасці гора, непазбыўнасці яго і ў той жа час жыццесцвярджаючую ўпартасць барацьбы з ім і прадчуванне перамогі, якая падказваецца лёгкім і светлым гумарам усяго твора. Адначасова кароткімі, скупымі, але да гранічнасці выразнымі сродкамі ён даў цэльны партрэт селяніна, характэрныя рысы яго быту і выгляду, што зноў-такі па плячу толькі паэту вялікага таленту.

Глыбокі падтэкст, пры скупасці на словы, — адна з характэрных асаблівасцей паэзіі Багушэвіча. Вось некалькі прыкладаў з «Песні»:

― Чаго ляжыш, мужычок?
― Бо урадніка вёз.
...........
- За што ты б’еш, мужычок?
― Бо і сам тое меў.
...........
―Не праворны, мужычок?
―Бо ўсякі журыць.
...........
―Чым бяздомны, мужычок?
―Бо чужога гляджу.
...........
―Чаму ўмёр, мужычок?
―Уцякаў ад «закона».

Тут з гранічнай выразнасцю праз глыбокі падтэкст даносіцца і бяспраўнасць, і розум, і псіхіка, і паводзіны селяніна, і адносіны да грамадскіх з'яў самога пісьменніка. Скарыстанне выразаў, за якімі крыецца сацыяльны падтэкст, тропы ўмоўчвання, якія часамі гавораць больш, чым простае апавяданне, пасля Багушэвіча стала традыцыяй дакастрычніцкай беларускай