Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

паэзіі там, дзе яна вымушана была гэтым ратавацца ад царскай цэнзуры.

Багушэвіч, адштурхоўваючыся ад народнай песні і сказа, узбагачае беларускую літаратуру новымі формамі верша ў параўнанні з Дуніным-Марцінкевічам і безымяннымі вершамі-гутаркамі, якія хадзілі ў народзе. Кароткі лірычны верш, пранізаны асабістым пачуццём шчасця і гора, вершы, пранізаныя грамадскай лірыкай, сатырычная байка, разгорнутая сацыяльная паралель, балада, песня, паэма з народнага жыцця ўсе гэтыя формы не існавалі ў беларускай літаратуры да Багушэвіча. Ён першы стварыў іх у нашай літаратуры, пашырыўшы гэтым яе рамкі і практычна давёўшы, што беларуская мова дастаткова развіта і багата, каб стаць літаратурнай мовай. Багушэвіч увёў у беларускі верш большую ў параўнанні з Дунінам-Марцінкевічам разнастайнасць рытмікі, вызваліў рыфмы ад сляпой залежнасці ад прымітыўнага рыфмавання народных араторый, гэтым самым уздымаючы беларускую паэзію свайго часу на новую, больш высокую ступень. У той жа час Багушэвіч, як ніхто другі, адчуваў высокую паэтычнасць лепшых узораў народнай творчасці і ўмеў уключаць іх у арбіту сваёй паэзіі, зноў-такі не праз простае цытаванне, як Дунін-Марцінкевіч, а праз творчае асваенне, гэтым самым падкрэсліваючы, дзе, па яго думцы, ляжыць шлях далейшага развіцця і ўдасканалення беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Гэтай думцы былі падначалены і яго наследаванні Някрасаву і Шаўчэнку: творчая вучоба ў пісьменнікаў братніх, больш моцных і спелых літаратур - адна з умоў хуткага росту беларускай літаратуры. Усё гэта неад'емныя і незабыўныя заслугі Францішка Багушэвіча перад беларускай літаратурай. Аднак асноўная заслуга Багушэвіча заключаецца ў яго палкім служэнні справе сацыяльнай барацьбы народных нізоў сваім паэтычным словам. Гэтым самым Багушэвіч выводзіў беларускую літаратуру і беларускіх пісьменнікаў на той самы шлях, па якім ішла руская літаратура з часу Фанвізіна і Грыбаедава, з часу Пушкіна і Някрасава, з часу Чарнышэўскага і Бялінскага. Быць выразніцай перадавых ідэй грамадства,