Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

ру». Загінуў недзе і трэці зборнік вершаў Багушэвіча «Беларуская скрыпачка», які таксама быў падрыхтаван да друку. Такім чынам, мы бачым, што за 9 год, у якія друкаваўся Францішак Багушэвіч, ім былі падрыхтаваны да друку 4 кнігі, калі не лічыць выйшаўшае ў 1892 годзе без паказання аўтара, апавяданне «Тралялёначка». Пасмяротна (памёр Багушэвіч 28 красавіка 1900 г.) у 1907 годзе газета «Наша Ніва» надрукавала тры яго апавяданні: «Сведка», «Палясоўшчык» і «Дзядзіна». З гэтага відаць, што мы маем магчымасць пазнаёміцца толькі з часткай твораў пісьменніка, і нашым гісторыкам літаратуры патрэбна яшчэ адшукаць другую палову яго твораў, прычым, магчыма, самых спелых твораў апошняга перыяду яго жыцця. Але і тое, што вядома нам, дае права паставіць Францішка Багушэвіча ў рад буйнейшых пісьменнікаў свайго часу, лічыць яго першым, які перанёс слаўныя традыцыі паэзіі Шаўчэнкі і Някрасава на беларускую глебу, значна пасунуў наперад пасля Дуніна-Марцінкевіча развіццё беларускай літаратуры.

Што рухала пісьменніка на гэты подзвіг?

Перш-наперш гарачая любоў да сваёй Радзімы, да свайго народа. У вершы «Ахвяра» паэт просіць бабульку маліць бога, каб ён ніколі панам не быў і, апроч таго:

Каб за край быў умерці гатоў,
Каб не прагнуў айчызны чужых.
.............
Каб не здрадзіў на грошы свой люд

У гэтых словах адчуваецца асуджэнне паэтам тых, хто «прагнуў айчызны чужых» — правай, магнацкай вярхушкі паўстання 1863 года, якая імкнулася зноў звесці Беларусь да становішча ўсходніх крэсаў Польшчы, — і асуджэнне той часткі шляхты, якая адмовілася ад народа, прамяняла барацьбу за яго вызваленне на «грошы», на магчымасць спакойнага сытага жыцця. Паэт добра бачыў панскую ласку нават ліберальствуючых паноў, якая ў канчатковым выніку — калі зняць з яе слоўныя шалупіны — азначала толькі тое, што і лібералы хочуць прымусіць мужыка «ра-