Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

біць хлеб» для пана, хаця лямантуюць, што яны хочуць даць хлеб селяніну. Молячы бога, каб ніколі не быць панам, Францішак Багушэвіч падкрэслівае свае дэмакратычныя перакананні, перакананні рэвалююцыянера, які «за край свой умерці гатоў». У гэтым мы адчуваем безумоўны ўплыў рэвалюцыйных гурткоў Герцэна і Чарнышэўскага, які быў моцным сярод перадавой часткі рускай інтэлігенцыі таго часу. Цікава адзначыць, што замілаванне да простага народа было не толькі паэтычным і палітычным крэда пісьменніка, але і яго жыццёвай практыкай. Расказваюць, што аднойчы Фр. Багушэвічу давялося абараняць у судзе селяніна, які лічыў сябе абсалютна невінаватым у тым злачынстве, якое яму прыпісвалі. Селянін быў стары і лічыў абразай для сябе сесці на лаўку падсудных. Суд прапанаваў пасадзіць яго насільна. Тады яго абаронца―Фр. Багушэвіч ― сеў поруч з ім на лаўку падсудных і сядзеў увесь час, пакуль разбіралася справа, паказваючы нават у гэтай дробязі, як неаддзялім паэт-грамадзянін ад свайго простага народа.

Верш «Мая хата» з'яўляецца натхнёным гімнам сваёй простай, гаротнай і ў той жа час любай Радзіме.

Кепска ж мая хатка, падваліна згніла,
І дымна, і зімна, а мне яна міла.
Не буду мяняцца, хоць бы і на замкі, ―
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.
...............
Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,
Не пайду да вас я, хіба у арэшце,
А хоць сілай нават адарвалі б з дому,
Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да дому.
...............
Зрабіў бы каморку, выкаваў бы жорны, ―
Усё ж свой хлеб еў бы, хоць бы сабе чорны!

Гэтай жа любоўю да Радзімы, да беларускага народа гучаць абедзве прадмовы да выдатных кніг Багушэвіча: «Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай