Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша «мужыцкая» мова і толькі таго. Але, паздароў божа добрых людцаў, як навучылі мяне чытаць, пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў, і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, або нямецкая, або і іншая якая».

Багушэвіч ясна бачыў сацыяльную няроўнасць і расслаенне ў сваім народзе і актыўна станавіўся на бок пакрыўджаных і прыгнечаных. Досыць успомніць верш «Бог не роўна дзеле» або тое, як у сваёй прадмове да кнігі «Смык беларускі» ён рэзка выступіў супраць Дуніна-Марцінкевіча, лічачы, што той не разумее патрэб простага народа і дае яму не тую літаратуру, якая патрэбна селяніну. У радзе сваіх вершаў ён з гранічнай рэзкасцю праводзіць водараздзел паміж багатымі і беднымі, паміж іх інтарэсамі, прычым за адну скобку ворагаў народа свайго выносіць і адшчапенца («Калыханка»―«Можа будзеш калі панам, ці вялікім капітанам, людцаў можа будзеш біці... будуць клясці, як ліхога, прасіць смертанькі ад бога»), і пана («Панская ласка», дзе пан, якога «дабpo ўсё здабыта толькі крыўдай братняй», зусім двухсэнсава параўнаны з бандытам), і царскую ўладу (вершы «У астрозе», «Быў у чысцы» і безліч другіх), і нават бога, рэлігію, якая асвячае «начал, кнут і слуп». Гэта размежаванне па сацыяльнаму прызнаку ён праводзіць са страснасцю сапраўднага рэвалюцыянера-дэмакрата. Яго не задавальняе рэформа Аляксандра ІІ―вызваленне сялян ад прыгону:

...Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці не болей настала паноў!
Не надта свабодна у гэтай свабодзе,
І давай я лічыць паноў новых ізноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд.
З'езд міравы, прысуцтвы і сход...
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..