Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

Мімаволі ўспамінаецца някрасаўскае вызначэнне вынікаў вызвалення сялян ад прыгону для саміх сялян:

...на место цепей крепостных
Люди придумали много иных.

У вершы «Панская ласка» у напалову баечнай, алегарычнай форме дадзена яшчэ больш рэзкая ацэнка «панскай ласкі» вызваленых сялян:

Ой, не першы то бандыта
І пан не астатні,
Што дабро ўсё здабыта
Толькі крыўдай братняй,
А тады ужо, для славы,
Кіне хоць аб'едкі,
Вот і стане пан ласкавы,
Літасцівы, рэдкі.

З асаблівай ярасцю нападае Францішак Багушэвіч на апарат царскага самадзяржаўя, бачачы ў ім дзейсную сілу «найяснейшай кароны» («У астрозе»).

А што ж то ураднік за велькі індык?
Як ён каго трэсне, дык гэта нічога,
Яго ж не даткні, так як Юр'я святога!
То так думаў я, ажно выйшла не тое;
Ураднік на службе ― то дзела другое:
Тады сцеражы ты яго, як той скулы,
Бо ён ― то не ён, а то ёсць артыкулы,
Раздзелы, стацці і ўсе зводы закона!
Мужык жа, наш брат, той усюды ― варона.
...............
Законы ж, а думачкі нашага брата,
Як ноч, а то ― дзень; гэта - будні, то - свята!
Вот гэтых законаў паняць я не мог,
За гэта ж цяпер я папаўся ў астрог.
.............
Сто ж і зануць і мяне на той суд ―
Вучыць шанаваць і начальства, і кнут,
І слуп, што гніець, стаючы ля дарог,
Бо начал, кнут і слуп― то даў бог!

Зусім відавочна, што сацыяльныя матывы з'яўляюцца лейтматывам творчасці Багушэвіча і сама барацьба за нацыянальную самасвядомасць, за мову. за школу, за навуку пранізана імі, выцякае з жадання паэта змяніць грамадскі лад, пры якім так цяжка жывецца яго народу.