Старонка:Клімковіч Багушэвіч 1962.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

Якімі шляхамі мысліў сабе Францішак Багушэвіч дасягнуць справядлівага грамадскага ладу? На гэта адказ дае яго паэзія. Яна ў аснове сваёй ― страсная, палітычная лірыка. Свой погляд на паэзію, як на беззаветнае служэнне народу, ён выказаў і ў прадмовах да сваіх зборнікаў і ў праграмных вершах «Мая дудка» і «Смык». У іх вар’іруецца і развіваецца думка Някрасава, што паэт «гражданином быть обязан». Паэзія, па думцы Багушэвіча, павінна даць народу «жывую ваду» волі:

Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто нап’ецца,
Дык вольным стаецца

Інакшымі словамі - паэт бачыў сваю задачу ў тым, каб абуджаць грамадскую думку ў народзе, выкрываць тых, хто перашкаджае яго імкненням вольнага і шчаслівага жыцця. Такіх ворагаў народа паэт бачыў у асобе пана і царскай улады. Сваімі вершамі ён імкнуўся падарваць аўтарытэт дзяржаўных інстытуцый царызму, дэмаскаваць сацыяльную несправядлівасць існуючага грамадскага ладу. Ён жорстка кпіў з царскага суда, з бяздушша царскіх чыноўнікаў «у чортавых фраках», з грабежніцтва ўраднікаў, а крывадушша «скаціннай апекі», з ашуканства царквы і закону. Ён заклікаў «не прагнуць айчызны дужых», прызнаваць роўнасць і брацтва людзей розных нацый, прапагандаваць роўнасць моў і практычна ўзнімаў беларускую мову на ўзровень моў яе славянскіх пабрацімаў, якія да яго часу мелі вялікую літаратуру. У гэтым выяўляліся яго палітычныя ідэалы.

Ствараючы вобразы паноў і людзей з народа, Францішак Багушэвіч смела і адкрыта становіцца на бок народа. Ён з асаблівай сілай і задаволенасцю малюе расправу над панамі за крыўды, якія яны чынілі мужыку (расправа мужыкоў над ураднікам «У судзе», над панамі розных рангаў у «Быў у чысцы»). Даючы малюнак пекла, Багушэвіч кажа:

З мужыкоў тут не надта каб шмат,
А ўсё больш дык багатых паноў,
На зямлі адцярпеўшы, наш брат