невыразны цянёк ат таго жыцьця беларускаго, якое павінна быць паказана перш-наперш беларусу са сцэны.
IV.
А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жывець, ня можна, гэткаго жыцьця ня можна трываць…
І трэба ешчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён — чэлавек, і што ён павінен мець свой чэлавецкі гонар, і павінен дзетак сваіх гадаваць с сумленьнем…
І трэба ешчэ сказаць беларусу са сцэны, што калі ён праваслаўны, то ніхай ні лаіць свайго брата каталіка беларуса „паляком“, і калі ён каталік, дык ніхай лічыць сябе беларусам, а беларуса-праваслаўнаго сваім братам, і абодвы беларусы, каталік і праваслаўны, ніхай шануюць веру і добры сьветапогляд адзін другога і веру ўсякаго сумленаго чэлавека, ўсякай нацыі…
І трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён маіць слаўнае прошлае, што яго дзедоўшчына дараўні с крапчэйшымі старонкамі пад сонцэм была, і што карэні нашы родные беларускіе не згнілі, трывалы і цягучы, маюць жывы сок і жывую сілу і ужо добрые адросткі к небу гонюць, а с часам над імі крэпкіе, высокіе, прыгожые дрэвы закрасуюцца…
І трэба паказаць беларусу са сцэны, што за чэлавек той, каторы сьпіць без канца-краю, якой вартасці такі чэлавек і што жджэць яго у будучыні…