Купалы, у Пятроўкі, на зажынках і дажынках.
17. Пяюць на радзінах, і на хрэзьбінах, пяюць, дзіцё калыхаючы і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вечарынках і на вясельлях і на хаўтурах, і у бяседзі і у працы, і ў маскалі йдучы, і у ва ўсякай іншай прыгодзе. Так скрозь увесь год пяюць.
18. І прамовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы долі галодных людзей, асудзіў песьню, але галодные людзі не асудзілі яе Жыва ешчэ душа у народзе гэтым.
19. Тады ізноў сказаў Пётра: але ніхай жэ у песьнях будуць думкі добрые і паўчаючые, каб апрыч красы меўся у іх і спажытак чэлавеку.
20. І адказаў яму Хрыстос: німа красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы.
21. І, наўчаючы іх, прамовіў: агляніцеся навокал! Ці ж ня ніва калыхаецца каля нас?
22. Цяжка працаваў ля яе гаспадар і вось бачыць: паміж збожжа узрасьлі васількі.
23. І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтые сініе кветкі; бо поўные вагі каласы маглі бы узрасьці на мейсцы васількаў.
24. Але ешчэ з маленства краса іх прыйшлася мне да душы. Таму я ня вырву с каранём іх, як усякае благое зельле. Ніхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрцэ маё.