скокам, туды сюды, і неяк хавалася-гадавалася.
Пан ня выганяў яе з гэтай разваліўшайся хаты, хаця пасьля сьмерці Цыпрука ён наняў другога палясоўшчыка, але таму выбудаваў і новую хату.
Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была, але і любіла сядзець адна на прызьбе сваей хаты і думаць сваю думу.
Яна любіла пазіраць на стары лес і на сівые хмаркі доўга — доўга і старые вочы прыкрываў смутак, — успаміны старадаўные, як цені, лезлі у яе душу праляцеўшые годы малеваліся ей ясна, жыва, бытцым во, перад вачыма бачыць яна ўсё… Надта шкадаваць пройдзены час не маець яна чаго — помняцца ей добра ешчэ і цяпер пабоі і лаянкі пьянаго. Цыпрука свайго. А — я — яй, як помняцца, ажно у касьцях горача робіцца…
Затое адну пацеху маець яна, каторая гоіць яе раны, — адна надзея каторай жывець яна, — гэта ядыны сын яе Лаўрук, даражэнькі сыночэк яе Лаўручок, во хто сядзіц у яе грудзях, як вірабей у цёплым гняздзе сваім…
Любіла яна сядзець на прызьбе, пазіраць сваімі старымі вачамі на цёмны лес, на адвечные хмаркі і думаць…
І панаваў смутак ў яе вачах — усё жыцьцё сваё яна была гэтак загнана ўсімі, што калі нават і бывалі хвілі радасьці, то вочы не пакідалі выразу адвечнаго нямога клейма крыўды і здзеку…