Думала яна аб сыну сваім, каторы жывець у вялікім горадзе, думала і цешылася…
Жывець ён сабе там панам, як людзі кажуць…
Лаўручок яе, быўшы ешчэ хлопчыкам гадоў дзесяці, спадабаўся вельмі пану Шчубальскаму за прыгожы від і спрытны вум і пан, быўшы бяздзетным, забраў яго к сабе у свае пакоі, адзеваў па панску і падвучыўшы крыху атдаў пасьля у горад вучыцца.
У лістах да пана часамі успамінаў ён і бацькоў сваіх, каторые з радасьці і уцехі проста ня ведалі што рабіць…
Жартачкі гэткаго удалаго сына даў ім Бог! Першы раз як ён на Каляды прыехаў з гораду да пана, дык бацькі яго зараз прыляцелі на панскі двор і доўга атстаівалі у кухні пакуль сынок зьявіўся к ім, але шчасьцю іх канца не было як угледзілі яго у чорных суконных вопратках з бліскучымі гузікамі, якраз асэсар! Праўда, калі маці кінулася да яго абыймаць і цалаваць дык ён засароміўся крыху і як бы адсунуўся у бок…
— Апанеў! — казала потым маці і дэлікатным зрабіўся і гаворыць па панску!..
— Эт! — казаў бацька — думаеш што, ды і ён панам будзе!.. Глядзі як ён ужо сьмяецца з нашай гутаркі ды з нас, гэта мне не надта падабаецца!..
Але маці не звертала увагі на гэта ды сьлепа радавалася сваім сынам, хвалючыся ім і фанабэручыся перад усімі па ваколічных вёсках. Скора цаны выехалі зусім адгэтуль