Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

— Я не да вас, містэр Вудлі. Я толькі хацеў сказаць міс Луізе, што конь асядланы. Крапчатаму не падабаецца стаяць на каменнях у дварэ, ён рвецца на мяккую траву прэрыі.

— Ты едзеш катацца, Луіза? — запытаў плантатар з яўна нездаволеным выглядам.

— Так, бацька. Я хацела праехацца.

— Ты не павінна гэтага рабіць.

— Чаму?

— Я не хачу, каб ты ездзіла адна. Гэта непрыстойна.

— Чаму-ж, тата? Ды я-ж часта ездзіла адна.

— Так, на жаль, вельмі часта.

Апошняя заўвага прымусіла дзяўчыну злёгку пачырванець. Але што азначала яна, Луіза ўсё-ж не зусім зразумела.

— Калі ты супроць гэтага, тата, я не паеду. Але няўжо ты рашыў трымаць мяне пад замком у гэтым доме? Вам, мужчынам, добра — вы ўсе едзеце на работу. Цікавае-ж ты для мяне прыдумаў жыццё ў гэтым мілым Техасе!

— Ты мяне не так зразумела, Луіза. Я зусім не супроць таго, каб ты ездзіла катацца. Катайся, колькі тваёй душы захочацца, але няхай цябе хто-небудзь суправаджае. Выязджай з Генры або Касіем. Але я не хачу, каб ты ездзіла адна. Для гэтага ў мяне ёсць свае падставы.

— Падставы? Якія?

Гэта пытанне мімаволі сарвалася ў Луізы. Пасля яна пашкадавала, што не стрымалася, і з трывогай чакала адказу.

Адказ крыху супакоіў яе.

— Якія падставы, ты хочаш ведаць? Не забывайся, што Техас — не Луізіяна, дзе маладая дзяўчына можа ехаць спакойна, куды яна толькі захоча. Тут, у Техасе, небяспека на кожным кроку. Вазьмі хоць-бы індзейцаў.

— Індзейцаў баяцца мне няма чаго. Я ніколі не аддаляюся ад гасіенды далей чым на пяць міль.

— Пяць міль! — усклікнуў капітан саркастычна. — Гэта тое-ж самае, што ад‘ехаць на пяцьдзесят міль. Ты з такім-жа поспехам можаш сустрэць індзейцаў на адлегласці ста крокаў ад варот дома, як і на адлегласці ста міль. Калі яны на ваеннай сцежцы, іх можна чакаць у любым месцы і ў любы час. Па-мойму, дзядзя Вудлі праўду кажа. З твайго боку надзвычай неасцярожна ездзіць адной.

— Ты так думаеш? — з пагардай запытала крэолка, павярнуўшыся да стрыечнага брата. — Скажы мне толькі калі ласка, у чым будзе заключацца твая дапамога, калі я сапраўды сустрэну каманчаў, хоць я наогул у гэтым вельмі сумняваюся. Прыгожая будзе карціна — нас двое сярод ваяўнічага племя расфарбаваных дзікуноў. Ха-ха! У небяспецы апынешся ты, а не я. Я не сумняваюся, што я выскачу ад іх і пакіну цябе для расправы. Страшная небяспека на адлегласці пяці міль ад дому!