Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

Пашукай вось у Техасе конніка, які мог-бы дагнаць мяне на на маёй мілай Луне. Наўрад ці ўдасца табе гэта, Касій!

— Замоўкні, Луіза! — строга сказаў Пойндэкстэр. — Мне не падабаецца, калі ты так размаўляеш. Не звяртай на яе ўвагі, Касій. І апрача індзейцаў тут шмат усялякага зброду. Запомні, што я забараняю табе ездзіць адной, як ты гэта рабіла раней.

— Няхай будзе па-твойму, тата, — адказала Луіза, устаючы з-за стала. — Вядома, я павінна падначаліцца табе. Але ведай, што я рыскую страціць здароўе, седзячы без руху. Ідзі, Плутон, — звярнулася яна да негра, які ўсё яшчэ стаяў у дзвярах і ўсміхаўся. — Пусці Луну ў кораль, на пашу — куды хочаш. Няхай яна бяжыць у сваю прэрыю, калі гэта ёй падабаецца. Яна мне больш не патрэбна.

Пры гэтых словах дзяўчына вышла з пакоя.

Накіроўваючыся да сябе, яна прашаптала:

— Што мог бацька даведацца? Магчыма, гэта толькі яго падазрэнні? Хто мог яму расказаць? Ці ведае ён пра нашу сустрэчу?


Раздзел XXIX

ЭЛЬ-КАЙОТ У СЯБЕ ДОМА

Кольхаун устаў з-за стала амаль таксама нечакана, як і Луіза. Мінуўшы на гэты раз свой пакой, ён вышаў з дома.

Усё яшчэ пакутуючы ад ран, але ўжо значна акрыяўшы пасля хваробы, ён мог ужо хадзіць каля дома.

Але на гэты раз ён адправіўся далей. Ці пад уплывам адбыўшайся размовы, а магчыма, з атрыманай весткай, ён раптам адчуў у сабе дастаткова сіл, каб на кастылях прайсці ўверх па на рацэ і далей, у напрамку да форта.

Прайшоўшы па зусім выпаленай сонцам пустцы, якая распасціралася ад гасіенды на значную адлегласць, ён падышоў да нізкіх зараснікаў акацый, што знайшлі прытулак пад ценем іншых, больш высокіх дрэў. У самай гушчыні зелені стаяла сплеценая з хворасту і абмазаная глінай халупа — хакале — тыповае жыллё паўднёва-заходняга Техаса.

Гэта быў прытулак Мігуэля Дыяза, мексіканца-мустангера. Ён зусім адпавядаў свайму гаспадару — поўдзікуну, які нездарма заслужыў мянушку «Стэпавы воўк» (Эль-Кайот).

Далёка не заўсёды гэтага ваўка можна было знайсці ў яго бярлозе, — хакале Мігуэля Дыяза, бадай, не заслугоўвала лепшай назвы. Гэта было толькі выпадковае месца для начлегу. Толькі зрэдку, пасля ўдачнага палявання, ён мог дазволіць сабе пажыць крыху каля сетлмента, карыстаючыся даступнымі там «забавамі»; астатні час Дыяз праводзіў у прэрыі.

Кольхауну пашанцавала: ён застаў гаспадара ў халупе — праўда, у нецвярозым выглядзе. Гэта, між іншым, быў яго звычайны стан.