Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

— Ало, сен‘ёр! — закрычаў Эль-Кайот, убачыўшы ў дзвярах госця. — Якім чынам? Вось ужо не чакаў бачыць вас тут. Бярыце крэсла. Вось яно стаіць. Крэсла! Ха-ха-ха!

Яго рогат быў выкліканы відам таго прадмета, які ён назваў крэслам. Гэта быў проста чэрап мустанга, які выконваў ролю крэсла. Прымітыўны стол з аполкаў юкі, такі-ж прымітыўны ложак з чароту — вось і ўсё абсталяванне гэтага ўбогага жылля.

Стомлены доўгай прагулкай, Кольхаун скарыстаў запрашэнне гаспадара і ўсеўся на чэрапе.

Не трацячы часу, ён адразу прыступіў да справы.

— Сен‘ёр Дыяз, — сказаў ён, — я прышоў сюды дзеля…

— Сен‘ёр амерыкано, — усклікнуў напалову п‘яны паляўнічы, — навошта лішнія размовы! Карамба! Я вельмі добра ведаю, для чаго вы сюды прышлі. Вы хочаце, каб я прыкокнуў гэтага чорта, ірландца!

— Так!

Дык вось, я ўжо абяцаў вам, што зраблю гэта для вас пры першым зручным выпадку за пяцьсот манет. Мігуэль Дыяз заўсёды выконвае свае абяцанні. Але час яшчэ не прышоў, і зручнага выпадку яшчэ не было. Чорт пабяры! Каб як след забіць чалавека, для гэтага патрэбна майстэрства. Нават у прэрыі нельга забіць без таго, каб не ўспалі на след. А калі ўспадуць, то для мяне гэта не жарты. Вы забываецеся, сен‘ёр, што я мексіканец. Калі-б я быў амерыканец, як вы, то я лёгка мог-бы яго ўкакошыць. Сказаў-бы, што гэта была сварка, і вышаў-бы сухім з вады. Але ў нас, мексіканцаў, гэта інакш. У нас, калі з чалавека выпускаюць кроў, то гэта называецца забойствам. І пасля гэтага вы, амерыканцы, у вашым недарэчным судзе з дванаццаццю «сумленнымі» суддзямі пастановіце: «Павесіць». Я ненавіджу ірландца таксама, як і вы, але трапляць упрасак я не збіраюся. Я павінен пачакаць, каб здарыўся зручны выпадак.

— Цяпер якраз падыходзячы момант, паспяшаўся заявіць Кольхаун. — Вы сказалі, што вы лёгка змаглі-б гэта зрабіць, калі-б толькі пачалася валтузня з індзейцамі.

— Вядома, я гэта гаварыў, і калі-б гэта было так, то…

— Значыць, вы яшчэ не ведаеце навін?

— Якіх навін?

— Ды каманчы-ж на ваеннай сцежцы!

— Карамба! — усклікнуў Эль-Кайот, усхопліваючыся са свайго чаротавага ложка. — Святая дзева! Няўжо гэта праўда, сен‘ёр?

— Шчырая праўда. Гэта вестка толькі што атрымана ў форце. Я маю весткі ад самога каменданта.

— У такім выпадку, — адказаў мексіканец у задуменні, — у такім выпадку дон Морысіо можа памерці. Каманчы могуць забіць яго. Ха-ха-ха!

— Вы ўпэўнены ў гэтым?