Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

Тут яна была зусім адна, і ніхто не перашкаджаў ёй, а ў апошні час яна больш чым калі-небудзь шукала адзіноты. Бацька нават у хвіліны самага злоснага настрою не мог адмовіць дачцы ў гэтай нявіннай забаве. Ён быў спакойны за яе: высокія сцены Каса-дэль-Карво і глыбокія воды Леоны былі ёй надзейнай аховай. Плантатар не толькі не пярэчыў супроць гэтых адзінотных прагулак, але, наадварот, вітаў іх. Падазрэнні, якія ў яго былі ўзніклі, — і не без падстаў, — хутка рассеяліся.

Нарэшце-ж усё гэта магло быць толькі звычайнай плёткай. Злыя языкі павінны заўсёды балбатаць. На гэты раз, як відаць, ён быў абраны іх афярай. Вельмі магчыма, што сустрэча яго дачкі з Морысам-мустангерам была простай выпадковасцю. Маглі-ж яны нечакана сустрэцца ў гаі? І наўрад ці зручна было-б Луізе прайсці міма чалавека, які двойчы выратаваў ёй жыццё. У гэтым, магчыма, і не было нічога, апрача простай удзячнасці.

Тое, што яна так лёгка падпарадкавалася забароне, пацвярджала гэтае меркаванне. Бо звычайна яе волю не так ужо лёгка зламаць, асабліва калі гэта ідзе ўразрэз з яе заветнымі жаданнямі. Вудлі Пойндэкстэр вельмі добра ведаў усю зданнёвасць сваёй улады над дачкою. Нядзіва, што бацька быў задаволены паводзінамі дзяўчыны. Нявінная гульня з лукам і стрэламі, ад якой маглі пацярпець толькі птушкі ў садзе, радавала яго сэрца.

Але пяцідзесяцігадовы бацька, як відаць, забыўся пра сваю маладосць. Не ў птушак пасылала свае стрэлы Луіза. Яе паляванне заключалася ў іншым: яна прывязвала кавалачак паперы да наканечніка стралы і пасылала ў зараснікі акацыі на супроцьлеглым беразе ракі. А праз некаторы час яе-ж страла, толькі пасланая другім лукам, вярталася да яе, таксама з кавалачкам паперы, але толькі іншым.

Пазбаўленыя магчымасці сустракацца, Морыс і Луіза ўстанавілі сувязь пры дапамозе гэтай «паветранай пошты».


Раздзел XXXI

УДАЧНАЯ ПЕРАПРАВА

Перапіска прадаўжалася нядоўга. Закаханыя шукалі сустрэчы. Каханне, якое ўспыхнула ў сэрцах Луізы і Морыса, не спынялася перад перашкодамі.

Шляхі да спаткання неўзабаве былі знойдзены.

Ужо двойчы закаханыя сустракаліся ў начной цішыні старога саду. Двойчы яны абмяняліся любоўнымі клятвамі пры мігаючым святле зорак. Было назначана і трэцяе спатканне.

А горды плантатар аставаўся ў прыемнай невядомасці. Ці мог ён падумаць, што адзіная дачка, яго гордасць, так жорстка ашукае яго? Ён даўно песціў думку, што паправіць свае справы, выдаўшы сваю красуню-дачку за багатага і знатнага чалавека. Ці мог ён падумаць, што яна, забыўшыся аб усіх традыцыях