Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

ноў, змоўклі крыкі перасмешніка, пачуліся нейчыя крокі па ўсыпанай гравіем дарожцы.

Яны не бачылі цёмнай фігуры, якая слізгала між кветак, то хаваючыся за статуяй, то прабіраючыся цераз кусты. Яны не бачылі, як гэты чорны цень прытуліўся за ствалом дрэва, і не ведалі, што Касій Кольхаун лавіў кожны рух, кожнае слова іх любоўных клятваў.


Раздзел XXXIII

ПАКУТЛІВАЯ ПРАЎДА

Пустая выпадковасць дапамагла Кольхауну выявіць пакутлівую для яго праўду.

Была поўнач ужо, калі капітан падняўся на дах гасіенды і спакойна курыў там сігару. У той момант у яго, як відаць, не было асаблівай прычыны для трывогі. Раны, нанесеныя яму мустангерам, ужо загаіліся; праўда, успаміны аб паражэнні ўсё яшчэ мучылі яго. Але горач гэтых перажыванняў за апошні час некалькі згладзілася думкай аб помсце, ужо блізкай да ажыццяўлення.

Касій Кольхаун, таксама як і бацька Луізы, адчуваў вялікую прыемнасць ад таго, што Луіза адмовілася ад сваіх далёкіх прагулак конна, — ён-жа і быў ініцыятарам гэтай забароны. Таксама, як і бацька Луізы, ён не падазраваў, чым было выклікана захапленне Луізы новым спортам — страляннем з лука, і глядзеў на гэта, як на нявінную забаву. Ён нават пачаў суцяшаць сябе надзеяй, што ўрэшце раўнадушнасць да яго Луізы магла быць толькі прытворствам з яе боку. За апошні час яна была менш рэзкай у абыходжанні з ім. І ён ужо гатоў быў усумніцца ў сваіх рэўнівых меркаваннях.

Такім чынам, ён спакойна курыў сігару, павярнуўшыся ў бок ракі. З‘яўленне конніка на дарозе амаль не здзівіла яго. Для яго было зразумелым жаданне чалавека падарожнічаць уночы, карыстаючыся халадком, замест таго, каб таміцца ў дарозе пад спякотнымі праменнямі сонца.

Пры святле месяца ён не пазнаў конніка, ды асабліва ў яго і не ўглядаўся. Ён проста машынальна сачыў за ім позіркам.

Толькі калі коннік уехаў у гай, Кольхауну здалося гэта дзіўным.

«Што гэта можа азначаць? — падумаў ён. — Сышоў з каня і накіроўваецца сюды, да выгіну ракі. Спусціўся з абрыва, — як відаць, месца яму добра вядома. Што яму патрэбна? Няўжо ён думае прабрацца ў сад, але як? Уплаў? Ці не злодзей гэта?»

Гэта была першая здагадка, якая прышла яму ў галаву, але ён адразу-ж адчуў няправільнасць гэтага меркавання.

«Усплёскі вёслаў? Ён перацягнуў лодку і перапраўляецца на ёй. Што-ж, нарэшце, яму спатрэбілася тут?»