Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

Кольхаун ужо рашыў было ціхенька спусціцца ўніз, разбудзіць мужчын і пайсці ўсім разам на аблаву.

Ён ужо сабраўся ісці, калі другі гук, што даляцеў да яго, змяніў яго рашэнне, — пачуўся скрып дзвярэй або скрып адчыняемага акна. Гук пачуўся ўнізе, амаль пад тым месцам, дзе ён стаяў.

Кольхаун перагнуўся цераз парэнчы і паглядзеў уніз, каб пазнаць, у чым справа. І раптам смяротная бледнасць пакрыла яго твар: акно было адчынена ў пакоі стрыечнай сястры. А сама Луіза, уся ў белым, стаяла на лесніцы, якая вяла ў сад.

Кольхаун адразу зразумеў, што яе з‘яўленне неяк звязана з набліжэннем чалавека ў лодцы. Ён зразумеў таксама, што пераязджаў цераз раку ніхто іншы, як Морыс-мустангер.

Як звар‘яцелы, стаяў Кольхаун, не могучы крануцца з месца. Толькі пасля таго як белая фігура знікла і ў садзе пачуліся галасы, у яго з‘явіўся новы план.

Ён рашыў, што цяпер будзіць нікога не трэба, — ён адзін павінен зрабіцца сведкай ганьбы Луізы. І Касій Кольхаун паспяшаўся па яе слядах, дрыжучы ад абурэння.

Ён чуў іх клятвы, іх любоўныя прызнанні, рашэнне мустангера паехаць заўтра досвіткам, яго абяцанне хутка вярнуцца. Ён быў сведкай іх страсных абдымкаў.

І тут у яго загарэлася жаданне ўсадзіць нож у свайго саперніка і кінуць яго мёртвым да ног каханкі, але ён не асмеліўся на гэта. Ці не таму, што пры святле месяца ён заўважыў, як блішчэў за поясам мустангера шасцізарадны рэвальвер Кольта?

Капітан паспяшаўся адыйсці, пакінуўшы закаханых адных.


Раздзел XXXIV

„РЫЦАРСКІЯ“ ПАБУДЖЭННІ

Куды-ж адправіўся Касій Кольхаун?

Вядома, не ў свой пакой. Хіба мог чалавек, раздзіраемы такімі мукамі, спаць?

Ён пайшоў у пакой свайго стрыечнага брата Генры Пойндэкстэра.

Ён накіраваўся проста туды, нават не трацячы часу на тое, каб узяць з сабою свечку. Свечкі, між іншым, і не патрэбна было — праменні месячнага святла досыць добра асвятлялі пакой. Можна было адрозніць яго незацейлівае абсталяванне: умывальнік, невялікі столік, пару крэслаў і ложак з полагам з кісяі — для аховы ад надакучлівых маскітаў.

Кольхаун прыпадняў кісяю і пачаў будзіць бесклапотна спаўшага юнака.

— Прачніся, Генры, прачніся! — праказаў Кольхаун, моцна калоцячы спаўшага за плечы.

— О-а! Гэта ты, Касій? Што такое? Спадзяюся, не індзейцы?