Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

гера, Луіза схапіла за рукі брата. Яна ведала, што Морыса не трэба было баяцца, трэба было толькі спыніць брата.

— Бяжы, бяжы! — закрычала яна мустангеру, стараючыся ўтрымаць абуранага брата. — Генры ўведзен у заблуджэнне, я ўсё растлумачу яму сама. Хутчэй, Морыс, хутчэй выратоўвайся!

— Генры Пойндэкстэр! — сказаў малады ірландзец, ужо гатовы выканаць сяброўскую параду, — вы дарэмна лічыце мяне за нягодніка. Дайце толькі час, і калі я акажуся нявартым пашаны і кахання вашай сястры, тады вы можаце забіць мяне ва ўсіх на вачах, як нясмелага кайота. А пакуль бывайце.

Спробы Генры вызваліцца з рук сястры паступова слабелі, пакуль ён слухаў мустангера. Супраціўленне рабілася ўсё слабей і слабей, і ў момант, калі Морыс кінуўся ўплаў цераз раку, рукі юнака апусціліся.

— Брат, ты памыліўся ў ім. Запэўняю цябе, ты не ведаеш яго! — усклікнула Луіза. — О, Генры, калі-б ты толькі ведаў, які гэта цудоўны чалавек! Ён ніколі не дасць мяне пакрыўдзіць і тым больш не пакрыўдзіць мяне сам. Я не магу не кахаць яго, і мне ўсёроўна, кім-бы ён не быў.

— Луіза, скажы мне праўду. Гавары са мною так, як быццам-бы ты гаварыла сама з сабою. З таго, што я бачыў тут, я зразумеў, што ты кахаеш гэтага чалавека. Скажы мне праўду, ці быў ён сапраўды прыстойным чалавекам? Ці не злоўжыў ён тваёй даверлівасцю?

— Не! Не! Не! Клянуся табе! Нават у тым выпадку, калі-б я сама гэтага хацела, ён пашкадаваў-бы мяне. Генры, чаму ты так незаслужана абразіў яго?

— Я абразіў яго?

— Так, ты гэта зрабіў, Генры, груба, несправядліва.

— Я гатоў прасіць прабачэння ў яго. Я даганю яго і папрашу ў яго прабачэння за сваю нястрыманасць. Калі ты толькі гаворыш праўду, сястра, я павінен гэта зрабіць. Ты-ж ведаеш, што ён мне спадабаўся з першага-ж разу. А цяпер, Луіза, ідзі да сябе і засні. Я паспяшаюся да гасцініцы і, магчыма, яшчэ застану яго там. Я не знайду сабе спакою, пакуль не выпраўлю сваёй памылкі.

Калі брат з сястрою ўвайшлі ў дом, услед за імі паказалася і трэцяя фігура, якая да гэтага моманту хавалася ў кустах. Гэта быў Касій Кольхаун.


Раздзел XXXV

НЕГАСЦІННЫ ГАСПАДАР

«Нікчэмны баязлівец! Дурань! Сам я таксама дурань, што спакусіўся такой надзеяй. Я павінен быў прадбачыць, што яна здолее ўгаварыць гэтага шчанюка і дасць магчымасць улізнуць нягодніку. Я мог-бы сам з-за дрэва забіць яго насмерць, не рыскуючы абсалютна нічым. Дзядзька Вудлі толькі падзякаваў-бы