Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

мне за гэта. Усе ў сетлменце апраўдвалі-б мой учынак. Нікчэмны спакуснік! Ганебны гандляр! Хто-б мог пярэчыць супроць справядлівай расправы з ім? Калі цяпер, чорт пабяры, яшчэ такі выпадак!»

Так размышляў капітан, вяртаючыся ў гасіенду і ідучы на некаторай адлегласці за Луізай і Генры.

«Цікава, — мармытаў ён сам сабе, уваходзячы ў двор, — ці сапраўды збіраецца гэты жаўтароты дурань папрасіць прабачэння ў чалавека, які ашукаў яго сястру? Так, ён, як відаць, узяўся за гэта ўсур‘ёз, інакш чым вытлумачыць гэты шум у стайні? Вось яго конь».

Адначасова з канём з дзвярэй стайні вышаў мужчына ў плашчы і панаме. Кольхаун пазнаў у ім Генры.

— Дурань! Ты выпусціў яго! — злосна прамармытаў капітан, калі юнак наблізіўся да яго. — Вярні мне нож і рэвальвер. Гэтыя цацкі не для тваіх далікатных ручак. Адкажы-ж мне, чаму ты не зрабіў так, як я табе сказаў? Чаму ты разыграў такога дурня?

— Так, я сапраўды сыграў дурня, — спакойна сказаў малады плантатар. — Я гэта ведаю. Я груба і незаслужана абразіў прыстойнага чалавека.

— Абразіў прыстойнага чалавека! Ха-ха-ха! Клянуся, ты звар‘яцеў!

— Я быў-бы вар‘ятам, калі-б паслухаўся тваёй парады, Касій. На шчасце, я гэтага не зрабіў. Як-бы там ні было, я неадкладна еду прасіць у яго прабачэння.

— Куды ты едзеш?

— Наўздагон за Морысам-мустангерам, каб папрасіць у яго прабачэння за свой нядобры ўчынак.

— Нядобры ўчынак! Ха-ха-ха! Ты, вядома, жартуеш?

— Не. Я гавару зусім сур‘ёзна. Калі ты паедзеш разам са мною, ты гэта сам убачыш.

— Тады я яшчэ раз скажу, што ты сапраўды вар‘ят. І не толькі вар‘ят, а проста ідыёт.

— Ты не надта далікатны, Касій!

Пры гэтых словах юнак прышпорыў каня і хутка паімчаўся.

Кольхаун стаяў, не кранаючыся з месца, пакуль конь не знік. Пасля рашучым крокам ён накіраваўся да дома і хутка прайшоў цераз веранду ў свой пакой. Неўзабаве ён вышаў адтуль у нейкім старым плашчы, прайшоў у стайню і вывеў адтуль за аброць свайго каня, ужо асядланага. Ён правёў каня па выбрукаваным дварэ настолькі ціха, як быццам украў яго. Затым ускочыў у сядло і хутка ад‘ехаў ад гасіенды.

Мілю або дзве ён ехаў следам за Генры Пойндэкстэрам, але, як відаць, не дзеля таго, каб дагнаць юнака, бо Генры паспеў ужо ад‘ехаць далёка, а Кольхаун не спяшаўся.

На поўдарозе да форта Кольхаун спыніў каня і, уважліва зірнуўшы на бліжэйшы гай, крута звярнуў на бакавую сцежку і паехаў у напрамку да ракі.