Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

«Магчымасць яшчэ асталася, і нядрэнная, але толькі даражэйшая за тую, якую я ўпусціў. Гэта мне будзе каштаваць тысячу долараў. Але што-ж? Мне трэба, нарэшце, адчапіцца ад гэтага ірландскага нягодніка. Досвіткам, з яго слоў, калі толькі гэта не хлусня, ён будзе па дарозе да сваёй халупы. Калі гэта, цікава ведаць? Для жыхара прэрый, здаецца, уставаць досвіткам — гэта ўжо позна. Нічога. У нас яшчэ хопіць часу, і Кайот паспее яго апярэдзіць. Яго хібарка, напэўна, недалёка адгэтуль. Мексіканцы павінны ведаць гэтае месца або, ва ўсякім выпадку, дарогу, якая вядзе туды. А гэтага ўжо дастаткова. Няхай-жа ў халупе чакаюць гаспадара. Толькі наўрад ці дачакаюцца. Па дарозе-ж могуць сустрэцца індзейцы».

Размышляючы такім чынам, капітан пад‘ехаў да дзвярэй халупы мексіканца-мустангера.

Дзверы былі адчынены насцеж. Знутры далятала храпенне спячага чалавека.

Перыядычна гэта храпенне перапынялася то кароткімі інтэрваламі цішыні, то гукамі, падобнымі да рохкання свінні, то невыразнымі выкрыкамі: «Карамба! Тысяча чарцей! Ісус! Святая Марыя!»

Кольхаун спыніўся на парозе і прыслухаўся.

— Гэтая жывёліна дашчэнту п‘яная, — сказаў ён уголас.

— Ало, сен‘ёр! — усклікнуў гаспадар хакале, прыведзены ў поўнепрытомны стан гукам чалавечага голасу. — Каму такі гонар? Не, не тое, — я шчаслівы бачыць вас — я, Мігуэль Дыяз, Эль-Кайот, як мяне называюць. Ха-ха-ха! Кайот! Ага, а як вас завуць? Ваша імя, сен‘ёр? Тысяча чарцей! Хто вы такі?

Прыпадняўшыся на чаротавым ложку, Эль-Кайот некаторы час аставаўся ў сядзячым палажэнні, блукаючым позіркам углядаючыся ў нечаканага госця, які перапыніў яго п‘яныя снавідзенні.

Пасля, незразумела мармычачы, Кайот зноў расцягнуўся на ложку.

Дзікае рыканне, якое змянілася працяглым храпеннем, дало зразумець, што ён ужо не адчувае больш прысутнасці свайго госця.

— Вось і яшчэ адна магчымасць страчана, — злосна прасіпеў Кольхаун, паварочваючыся, каб выйсці. — Праклён! Цэлую ноч мне не шанцуе! Пройдзе прынамсі тры гадзіны, пакуль гэтая свіння працвярэзіцца. Цэлых тры гадзіны! Тады будзе занадта позна, занадта позна…

Пры гэтых словах Кольхаун узяў свайго каня за аброць, як быццам у нерашучасці, куды-ж яму накіравацца.

Няма ніякага сэнсу тут аставацца. Ужо будзе днець, калі ён апрытомнее ад п‘янства. З такім-жа поспехам я магу вярнуцца дадому і чакаць там або… або……

Свайго рашэння ён не выказаў уголас. Але, якое-б яно ні было, яго хістанні скончыліся.