Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

Адвязаўшы свайго каня, Кольхаун ускочыў у сядло і паехаў у супроцьлеглым напрамку ад той дарогі, якая яго прывяла да хакале Эль-Кайота.


Раздзел XXXVI

ТРОЕ НА АДНЫМ ШЛЯХУ

Ніхто не будзе адмаўляць, што падарожжа па ўсланай мяккай травой прэрыі з‘яўляецца адной з лепшых прыемнасцей на свеце.

Вы можаце ехаць гадзінамі, тыднямі, месяцамі, а магчыма і цэлы год, не сустрэўшы ніводнага чалавека.

Але толькі той, хто сам падарожнічаў па велізарнай раўніне Техаса, можа сапраўды ацаніць усю неабдымнасць яго прэрый. Нават акіян не стварае ўражання такой бясконцай прасторы. Едучы па акіяну, вы не заўважаеце адзнак таго, што пасоўваецеся наперад. Абшырная блакітнасіняя паверхня з перавернутым над ёю купалам, таксама блакітным, але толькі на некалькі таноў святлейшым, увесь час астаецца вакол вас і над вамі, і вы не бачыце перамен. Вам пачынае здавацца, што вы проста стаіце ў цэнтры велізарнага скляпення, і ў вас няма магчымасці ўспрыняць цалкам усю грандыёзнасць неабсяжнага воднага прастору.

Іншая справа — прэрыя. Астраўкі лесу, узгоркі, дрэвы, горныя хрыбты, скалы, нібы вехі, змяняюць адны другіх і гавораць вам аб тым, што вы перамагаеце неабсяжную прастору.

Падарожнікі па прэрыі, і асабліва па прэрыі паўднёва-заходняга Техаса, рэдка рыскуюць любавацца яе дзікай прыгожасцю ў адзіноцтве. Тут ездзяць звычайна ўдваіх, але часцей групамі ў дзесяць або дваццаць чалавек. Інакш ездзіць небяспечна.

Толькі ў рэдкіх выпадках вы можаце сустрэць тут падарожніка-адзіночку.

Так, напрыклад, у тую самую ноч, калі разыгралася драма каля Каса-дэль-Карво, тры адзінокія коннікі ехалі па раўніне, якая прасціраецца на паўднёвы захад ад берагоў Леоны.

У той самы час, калі Кольхаун ад‘язджаў ад халупы мексіканскага мустангера, самы ранні з гэтых начных падарожнікаў ужо ехаў па ўскраіне сетлмента. Ён ехаў у напрамку ракі Нуэсес або аднаго з яе прытокаў.

Бадай, лішнім будзе гаварыць, што ён быў на кані, бо па Техасу ніхто не ходзіць пехатою, за выключэннем тых, хто астаецца ў межах горада або плантацый.

Коннік сядзеў на цудоўным кані. Сільныя і эластычныя рухі жывёлы гаварылі аб тым, што яна без напружання можа вытрымаць надта вялікае падарожжа.

Коннік быў апрануты так, як звычайна апрануты любы з цэхаскіх коннікаў, які збіраецца праехаць адзін-два дзесяткі міль.