Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

Серапэ, нядбайна накінутае на плечы, відавочна, прызначалася для аховы ад начной сырасці.

Але з прычыны таго, што паветра ў гэтую ноч было зусім сухое, то магчыма, што ён сапраўды збіраўся далёка ехаць.

Не гледзячы на гэта ён, як відаць, зусім не спяшаўся.

Заняты сваімі думкамі, ён як быццам не звяртаў увагі на акружаючы яго знешні свет. Конь ішоў як хацеў. Разумная жывёла ішла ўпэўненым крокам па знаёмай сцежцы. Так ехаў бестурботны падарожнік, пакуль не схаваўся ў густых зарасніках прэрыі.

Але вось, амаль у той самы момант, калі схаваўся коннік, на ўскраіне сетлмента з‘явіўся другі, які ехаў па той-жа дарозе.

Мяркуючы па яго вопратцы, ён, напэўна, таксама адпраўляўся ў далёкую дарогу.

На ім быў цёмны шырокі плашч, які быў туга зашпілены спераду і свабоднымі складкамі звісаў ззаду.

У адрозненне ад першага, гэты коннік яўна некуды спяшаўся і ўвесь час падганяў свайго каня.

Здавалася, што ён хацеў кагосьці дагнаць. Магчыма, што ён даганяў конніка, які праехаў наперадзе. Час ад часу ён нахіляўся ўперад і ўважліва глядзеў удалячынь.

Праз некаторы час другі коннік таксама знік, і якраз у тым-жа месцы, дзе схаваўся з вачэй яго папярэднік. Так здалося-б таму, хто назіраў-бы за імі з форта або сетлмента.

І па нейкай дзіўнай пераемнасці — калі яна толькі была — якраз у той момант, калі схаваўся другі коннік, на ўскраіне сетлмента паказаўся трэці.

Ён узяў той-жа кірунак, што і два іншых коннікі. Як і яны, ён быў апрануты, нібы сабраўся ў далёкую дарогу. На ім быў чырвоны плашч, які зусім скрываў яго фігуру.

Як і першы коннік, ён зусім не спяшаўся і, не гледзячы на гэта, яўна выказваў вялікую трывогу.

Праз поўгадзіны ён таксама знік удалечыні, не дагнаўшы нікога і не будучы сам засцігнуты.

Раздзеленыя амаль аднолькавай адлегласцю адзін ад другога, усе тры коннікі ехалі па прэрыі, не бачачы адзін другога. І ніхто не мог-бы адразу ахапіць позіркам усіх траіх, хіба толькі сава, якая наглядала з вяршыні высокага дрэва, або казадой, які лунаў у небе, палюючы на начных матылькоў.

* * *

Праз гадзіну на адлегласці дзесяці міль ад форта Індж узаемнае палажэнне трох падарожнікаў значна змянілася.

Першы коннік толькі што пад‘ехаў да доўгай прасекі, якая ўразалася нібы алея ў гушчыню лясных зарасляў. Зараслі гэтыя прасціраліся направа і налева, наколькі хапала толькі зроку. Прасеку можна было-б параўнаць з шырокім пралівам. Яе зялё-