Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

сесці за стол, але аказалася, што не ўсе яшчэ сабраліся — аднаго члена сям‘і нехапала: не было Генры.

Спачатку гэтаму не надалі ніякага значэння, і ўсе чакалі, што ён вось-вось з‘явіцца ў сталовай. Але некалькі хвілін прайшло, а Генры ўсё яшчэ не з‘яўляўся. Плантатар выказаў сваё здзіўленне адносна гэтага, не ведаючы, чым вытлумачыць адсутнасць сына.

На паўднёвым захадзе Амерыкі ёсць звычай, каб на снеданне раніцою ўся сям‘я збіралася адначасова, к пэўнай гадзіне. Таму здзіўленне плантатара было зусім натуральным.

— Дзе-ж гэта хлапец загінуў? — запытаў бацька ўжо чацверты раз.

Ні Кольхаун, ні Луіза нічога не адказалі.

З таго часу як Кольхаун увайшоў у пакой, ён захоўваў поўнае маўчанне. Яго вочы ў гэтую раніцу не ўздымаліся на Луізу.

Ён вельмі нерваваўся, седзячы за сталом, і адзін або два разы пры ўваходзе слугі нават уздрыгануўся. Не аставалася сумненняў, што капітан быў нечым моцна ўсхвалёван.

— Вельмі дзіўна, што Генры за сталом няма, — амаль не ў дзесяты раз паўтарыў плантатар. — Няўжо ён усё яшчэ спіць? Не, не, Генры ніколі так позна не ўстае. Але калі ён нават куды-небудзь пайшоў, то павінен-жа ён чуць ражок, калі не чуў звону. Магчыма, ён у сваім пакоі? Плутон!

— Я тут, містэр Вудлі!

На Плутона разам з абавязкамі фурмана былі ўскладзены таксама і абавязкі прыслугоўваючага за сталом лакея.

— Пайдзі ў спальню Генры і, калі ён там, скажы яму, што мы ўжо канчаем снедаць.

— Яго там няма, містэр Вудлі.

— Ты хіба быў у яго ў пакоі?

— Так… Гэта значыць, я хацеў сказаць — не. Я не быў у яго ў пакоі, але я быў у стайні — хацеў накарміць яго каня. Каня яго я там не знайшоў, і сядла няма, і аброці няма, і містэра Генры няма. Ён выехаў, напэўна, ужо даўно.

— Ты ў гэтым упэўнены? — запытаўся плантатар, сур‘ёзна ўсхваляваны гэтым паведамленнем.

— Вядома, упэўнены, містэр Вудлі. Там, у стайні, стаіць толькі адзін конь містэра Кольхауна. Крапчаты бегае ў загоне. А каня містэра Генры няма.

— Гэта яшчэ не азначае, што містэра Генры няма ў яго пакоі. Ідзі зараз-жа і паглядзі.

Я іду туды ў гэтую-ж хвіліну, містэр, але вы ўбачыце, што Плутон гаворыць праўду. Маладога пана там няма. Я ведаю, што містэр Генры там, дзе яго конь.

— Нічога не магу зразумець, — сказаў плантатар, калі Плутон вышаў з пакоя. — Генры паехаў з дому, ды яшчэ ўночы. Куды-ж ён паехаў? Я не магу сабе ўявіць, каб ён мог да каго-небудзь паехаць у такі позні час. Спадзяюся, не ў таверну.