Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

— О, не, ён, вядома, туды не паедзе, — умяшаўся Кольхаун, як быццам-бы не менш заклапочаны, чым сам плантатар. Капітан ні слова не сказаў наконт сцэны, што разыгралася ў садзе.

«Трэба спадзявацца, што Кольхаун нічога аб гэтым не ведае, падумала Луіза. Калі так, гэта павінна астацца таямніцай паміж мною і братам. Мне здаецца, мы згаварымся з Генры. Але чаму-ж яго няма да гэтага часу? Я прасядзела цэлую ноч, чакаючы яго. Ён, напэўна, дагнаў Морыса, і яны памірыліся. Я спадзяюся, што гэта так».

У гэты момант у дзвярах паказаўся Плутон. Выгляд у яго быў настолькі змрочны, што адказу можна было і не пытацца.

— Ну, што-ж, — закрычаў плантатар, не чакаючы дакладу слугі, — там ён?

— Няма, містэр Вудлі, — адказаў негр тонам, які выяўляў вялікае хваляванне. Яго там няма, містэра Генры няма. Але, але… — Плутон вагаўся. — Плутон павінен сказаць штосьці. Яго конь там.

— Яго конь там? Спадзяюся, не ў яго пакоі?

— Не, сэр. Але ён і не ў стайні. Ён там, каля варот.

— Яго конь ля варот? Але чаму-ж ты гэтым засмучаны?

— Таму што, містэр Вудлі, таму што… конь гэты містэра Генры… Таму што жывёла…

— Ну, гавары-ж, чарнамазы, як след! Што «таму што»? Спадзяюся, што ў каня галава цэлая? Ці ў яго, магчыма, хваста нехапае?

— О, містэр Вудлі, ваш негр не гэтага баіцца. Няхай-бы конь страціў і галаву і хвост. Плутон баіцца, што ён страціў свайго конніка.

— Што? Конь скінуў Генры? Глупства, Плутон! Немагчыма, каб конь скінуў такога наезніка, як мой сын. Немагчыма!

— Я і не гавару, што ён скінуў яго. О, дарагі пан, я больш нічога не скажу. Выйдзіце самі да варот і паглядзіце.

Голас і жэсты Плутона рабіліся ўсё больш трывожнымі. Усе з вялікай паспешнасцю накіраваліся да варот гасіенды. Негр іх суправаджаў.

Тое, што ім давялося ўбачыць, магло ўзбудзіць толькі самыя сумныя меркаванні. Адзін з неграў-нявольнікаў стаяў, трымаючы за аброць асядланага каня. Жывёла была зусім мокрая ад начной расы. Конь біў капытом, хроп і ўвесь быў апырсканы і замазаны нечым, што было цямней за расу, цямней за яго гнедую шэрсць. Увесь корпус, ногі, сядло, — усё было ў цёмных плямах запекшайся крыві.

Конь прымчаўся з прэрыі. Негр злавіў яго на раўніне. Ён інстынктыўна накіроўваўся да гасіенды. Павады цягнуліся ў яго між ног.

Гэта быў конь Генры Пойндэкстэра.

Ніхто не запытаўся, чыёй крывёю быў запэцканы конь. Бацька, сястра і стрыечны брат не сумняваліся ў тым, што цём-