Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

было пяцьдзесят драгуноў, і такую-ж колькасць конных можна было набраць сярод мірных жыхароў сетлмента.

Неабходна было трымацца ўсім разам, каб не аказацца ў вельмі нікчэмнай меншасці.

Доказ здаваўся грунтоўным. Нават Пойндэкстэр і яго пляменнік далучыліся да гэтай думкі, аўтарытэтна падтрыманай самім маёрам.

Такім чынам, было вырашана, што на пошукі паедзе адна згуртаваная група.

Але ў якім-жа напрамку ехаць?

Разважлівы капітан пяхоты прапанаваў распытаць аб гэтым у таго, хто апошнім бачыўся з Генры Пойндэкстэрам. Хто-ж апошнім бачыўся з Генры Пойндэкстэрам?

Без сумнення, яго бацька і стрыечны брат.

Плантатар апошні раз бачыў сына ў часе вячэры і думаў, што ён пасля гэтага пайшоў спаць.

Адказ Кольхауна не быў такім дакладным. Ён гутарыў са сваім стрыечным братам пасля вячэры, пасля чаго юнак, як відаць, пайшоў спаць.

Чаму Кольхаун утаіў тое, што сапраўды здарылася? Чаму ён змоўчыў аб спатканні ў садзе, якому быў сведкай?

Як-бы там ні было, але праўда была ўтоена.

Але тут зусім нечакана справа атрымала новае асвятленне. Гаспадар гасцініцы, Обердофер, не чакаючы запрашэння, сам прышоў на гэтую тэрміновую нараду. Пралезшы праз натоўп, ён абвясціў, што хоча даць некаторыя паказанні. У яго ёсць звесткі, якія, напэўна, дапамогуць адказаць на пытанне, калі ў апошні раз бачылі Генры Пойндэкстэра і ў якім напрамку ён выехаў.

Няправільнай англійскай мовай немец расказаў наступнае.

Морыс-мустангер, які аставаўся ў яго гасцініцы з моманту дуэлі з капітанам Кольхаунам, у гэтую ноч кудысьці паехаў. Тое-ж самае ён рабіў і на працягу некалькіх папярэдніх начэй. Вярнуўся ён назад вельмі позна. Гасцініца была адкрыта, бо там куціла моладзь. Мустангер папрасіў падаць яму рахунак, чаго ён даўно ўжо не рабіў, і, на здзіўленне гаспадара, заплаціў па рахунку ўсё да апошняга пені.

Дзе ён узяў гэтыя грошы, нікому не вядома, і чаму ён так хутка паехаў адсюль, таксама няясна. Обердофер ведаў толькі, што Морыс Джэральд, пакідаючы яго гасцініцу, захапіў з сабою ўсё сваё снаражэнне, якое ён звычайна браў толькі тады, калі адпраўляўся на паляванне на дзікіх мустангаў.

Праз дваццаць хвілін пасля таго, як паехаў мустангер, у дзверы пастукаў Генры Пойндэкстэр. Ён хацеў бачыць Морыса Джэральда. Калі яму сказалі, што той паехаў, ён запытаў, калі і ў якім напрамку рушыў мустангер. Атрымаўшы адпаведныя весткі, малады Пойндэкстэр хутка паехаў ва ўказаным яму напрамку, нібы маючы намер дагнаць Морыса Джэральда.