Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

Хоць у атрыманым паведамленні і былі некаторыя няяснасці, усё-ж гэтыя звесткі былі ўзяты за аснову для росшукаў. Калі знікшы чалавек паехаў разам з Морысам-мустангерам або ўслед за ім, то, значыць, яго трэба шукаць на той-жа дарозе, па якой павінен быў-бы ехаць мустангер.

— Ці ведае хто-небудзь, дзе дом Морыса-мустангера?

Ніхто дакладна гэтага не ведаў. Некаторыя меркавалі, што гэта павінна быць дзе-небудзь у вярхоўях ракі Нуэсэс, на прытоку Аламо.

Такім чынам, каб знайсці сляды загінуўшага Генры або яго труп, вырашана было рушыць у бок Аламо: магчыма, там знойдуць і труп самога Морыса-мустангера. І тады трэба будзе адпомсціць за зверскае забойства двух людзей.


Раздзел XXXIX

ЛУЖЫНА КРЫВІ

Група, якая адправілася на пошукі, пасоўвалася з надзвычайнай асцярожнасцю. Да гэтага былі сур‘ёзныя падставы. Індзейцы былі на ваеннай сцежцы.

Наперад былі высланы разведчыкі і прафесіяналы-следапыты, на абавязку якіх ляжала знаходзіць сляды і разгадваць іх значэнне.

У ваколіцах Леоны не было знойдзена ніякіх слядоў.

На адлегласці дзесяці міль ад форта раўніну перасякалі лясныя зараснікі, якія цягнуліся на вялікую адлегласць на паўночны захад і на паўднёвы ўсход. Гэта цехаскія джунглі, абвітыя ліянамі і амаль непраходныя для чалавека і каня.

Цераз гэтыя зараснікі, якраз насупраць форта, ішла прамая прасека, па якой была пракладзена сцежка. Гэта найбольш кароткі шлях да вярхоўяў Нуэсес. Акружаная правільнымі радамі частых дрэў, прасека стварала ўражанне сапраўднай алеі. Ці была гэта выпадковая «гульня прыроды», ці алея была штучна насаджана рукою чалавека? Магчыма, гэта была старая ваенная сцежка каманчаў, пракладзеная ў часе іх ваяўнічых паходаў на Тамаліпу, Коагуілу і Новую Леону.

Следапыты ведалі, што алея гэтая вяла да Аламо, і таму ўся экспедыцыя рашыла пайсці іменна па гэтай прасецы.

Неўзабаве адзін з следапытаў спыніўся ля ўзлесся зараснікаў, як быццам збіраючыся штосьці сказаць.

— У чым справа? — запытаў маёр, пад‘ехаўшы да яго. — Сляды?

— О, так, маёр, і многа слядоў. Паглядзіце сюды! Вы бачыце?!

— Сляды каня!

— Двух коней, маёр, — сказаў следапыт, ласкава папраўляючы маёра.

— Правільна.