Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/124

Гэта старонка не была вычытаная

— Далей ідуць як быццам-бы чатыры сляды, але яны ўсе пакінуты гэтымі-ж двума коньмі. Яны ідуць перш уверх па гэтай прасецы і затым вяртаюцца назад.

— Добра, мой дружа Спэнглер, што-ж ты адносна гэтага думаеш?

— Многае яшчэ астаецца загадкавым, — адказаў Спэнглер, які служыў у ваенным лагеры разведчыкам, — але ўсё-ж мне ўжо ясна, што забойства зроблена іменна тут.

— Якія ў цябе доказы? Хіба ты знайшоў труп?

— Не. Трупа я яшчэ не знайшоў.

— А што-ж тады?

— Кроў. Вялікая лужына крыві, нібы яе выпусцілі з жыл буйвала. Ідзіце і паглядзіце самі. Але, — дадаў ён, — калі вы хочаце, каб я як належыць разабраўся ў слядах, распарадзіцеся, каб усе іншыя аставаліся на месцах.

— Добра, няхай будзе па-твойму, — адказаў маёр.

Затым, звяртаючыся да членаў экспедыцыі, маёр сказаў:

— Я прашу ўсіх астацца на некалькі хвілін на сваіх месцах. Мой следапыт павінен зараз зрабіць адно расследаванне, якое патрабуе, каб увесь участак быў у яго распараджэнні.

Патрабаванне маёра было бясспрэчна выканана нават тымі, хто не знаходзіўся ў непасрэдным падначаленні яму.

Праехаўшы крокаў пяцьдзесят, Спэнглер спыніўся:

— Бачыце гэта? — сказаў ён, паказваючы на зямлю.

— Я быў-бы сляпым, калі-б не бачыў, — адказаў маёр. — Лужына крыві, як ты сказаў, настолькі вялікая, што магла-б асушыць усе жылы буйвала. Калі-ж гэтая кроў выцекла з чалавека, то я сцвярджаю, што ён ужо не жыве.

— Памёр, — сказаў следапыт. — Памёр раней, чым гэтая кроў пацямнела.

— Як ты думаеш, Спэнглер, чыя гэта кроў?

— Гэта кроў таго самага чалавека, якога мы цяпер шукаем, — сына старога плантатара. Я таму і не хацеў, каб ён ішоў сюды.

— Мне здаецца, што ад яго не трэба захоўваць праўду. Усёроўна ён даведаецца аб ёй з часам.

— Гэта правільна, маёр. Але мне здаецца, што нам спачатку трэба высветліць акалічнасці, пры якіх гэта забойства было зроблена. У гэтым я ніяк не магу разабрацца.

— Як не можаш разабрацца? Справа ясная. Ён забіты індзейцамі. Яго забілі каманчы.

— Ні ў якім разе, — адказаў следапыт з упэўненым выглядам.

— Чаму ты гэта гаворыш, Спэнглер?

— Калі-б тут былі індзейцы, то мы знайшлі-б сляды не двух, а сарака коней.

— Гэта, вядома, правільна. Не верыцца, каб каманчы рыскнулі нападаць у адзіночку.