Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

— Ніводзін з каманчаў і наогул ніхто з індзейцаў не рабіў гэтага забойства. На прасецы відаць сляды толькі двух коней. Як вы бачыце, гэта сляды падкаваных капытоў. Каманчы не ездзяць на падкаваных конях. На абодвух конях былі бледнатварыя коннікі, а не чырвонаскурыя. Адзін рад слядоў зроблен мустангам, другі — амерыканскім канём. На шляху да захаду мустанг ішоў наперадзе. Па дарозе назад амерыканскі конь наперадзе, а мустанг — за ім. На якой адлегласці адзін коннік ехаў за другім, цяжка ўстанавіць. Напэўна, гэта будзе больш зразумела, калі мы адправімся да таго месца, дзе абодва яны павярнулі назад. Гэта павінна быць недалёка.

— Добра, ідзём туды, — сказаў маёр. — Я зараз распараджуся, каб усе аставаліся на сваіх мясцах.

Даўшы распараджэнне, маёр паехаў за следапытам.

Сляды цягнуліся яшчэ на працягу амаль пяцісот крокаў. Меркаванні следапыта, што ў напрамку да захада наперадзе ішоў мустанг, а назад ён ішоў за амерыканскім канём, пацвердзіліся.

Следапыт спыніўся.

Далей гэтага месца сляды не ішлі; тут абодва коні павярнулі і пайшлі назад.

Следапыт злез з каня і пачаў уважліва вывучаць гэты ўчастак.

— Яны тут былі разам, — сказаў ён праз некалькі хвілін, прадаўжаючы разглядаць зямлю. — І досыць доўга. Але абодва аставаліся ў сёдлах. Яны па-сяброўску гутарылі — гэта таксама відаць. Усё гэта яшчэ больш заблытвае справу.

— Калі ты гаворыш праўду, Спэнглер, то ты сапраўдны чараўнік. Скажы мне, калі ласка, як ты даведаўся аб усім гэтым?

— Па слядах, маёр, па слядах. Гэта досыць проста. Я бачу, што сляды месцамі находзяць адзін на другі. Як відаць, коннікі былі блізка адзін ад другога, але коням не стаялася, і яны тапталіся на месцы. Коннікі аставаліся тут досыць доўга, — паспелі выкурыць па цэлай сігары. Вось тут і акуркі; вы бачыце, сігары выкураны да канца.

Следапыт нахіліўся, падняў акурак сігары і перадаў яе маёру.

— Па гэтай вось адзнацы, — прадаўжаў следапыт, — я і заключыў, што абодва коннікі, хто-б яны ні былі, не маглі быць варожа настроены адзін супроць другога. Людзі звычайна кураць разам не для таго, каб праз хвіліну перарэзаць адзін другому горла. Сварка магла адбыцца толькі пасля таго, як яны скончылі курыць. Тое, што яна была, — у гэтым для мяне няма сумнення. Я зусім перакананы, што адзін з іх прыкончыў другога. Хто з іх гэта зрабіў, бадай, досыць ясна. Бедны стары Пойндэкстэр, ён ніколі больш не ўбачыць свайго сына жывым!

— Усё гэта вельмі загадачна, — заўважыў маёр.

— Так, чорт пабяры!

— Але труп, дзе-ж ён можа быць?

— Вось гэта і блытае мяне больш за ўсё. Калі-б гэта былі