Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

індзейцы, то мяне-б ніколі не здзівіла-б, што труп загінуў. Яны маглі панесці яго з сабою. Але тут няма ніякіх адзнак індзейцаў. Паверце мне, маёр, што адзін з гэтых двух коннікаў укакошыў другога. Але што ён зрабіў з трупам — гэта для мяне загадка.

— Надзвычай дзіўна! — усклікнуў маёр. — Надзвычай загадачна!

— Магчыма, што мы яшчэ зможам разгадаць гэтую таямніцу, — прадаўжаў Спэнглер. — Для гэтага трэба знайсці сляды коней пасля таго, як яны адправіліся з месца злачынства. Магчыма, і ўдасца што-небудзь даведацца. Тут-жа нам больш няма чаго рабіць. Як вы думаеце, трэба аб гэтым паведаміць яму?

— Містэру Пойндэкстэру, ты хочаш сказаць?

— Так.

— Ты пераконаны, што забіты іменна яго сын?

— О, не! Я ў гэтым далёка не ўпэўнены. Я толькі ўпэўнены ў тым, што стары Пойндэкстэр прыехаў сюды на адным з двух коней, якія былі сведкамі злачынства. Я параўноўваў сляды. Калі толькі малады Пойндэкстэр сядзеў іменна на гэтым кані, то я баюся, што мала надзеі ўбачыць яго жывым. Мне не падабаецца, што падарожнік ехаў ззаду яго.

— Спэнглер, ці ёсць у цябе якія-небудзь падазрэнні, хто быў забойцам?

— Нічога не разумею. Калі-б не расказ старога Обердофера, я ніколі не падумаў-бы аб Морысе-мустангеру. Праўда, гэта след падкаванага мустанга, але я не магу ручацца, што гэта іменна яго мустанг. Вядома, гэтага не можа быць. Малады ірландзец не з тых бязглуздых людзей, якія могуць забіць з-за глупства. Але мне здаецца, што ён з тых, хто мог гэта зрабіць з халодным разлікам.

— Я думаю, твая праўда.

— Дык вось, калі малады Пойндэкстэр быў забіты і забіты Морысам Джэральдам, то між імі, напэўна, адбылася сумленная барацьба, і сын плантатара аказаўся пераможаным. Вось як я гэта разумею. Што-ж датычыць знікнення трупа і колькасці пралітай крыві, то гэта мне зусім незразумела. Неабходна пайсці далей па слядах. Магчыма, можна будзе прыйсці да якога-небудзь разумнага заключэння. Ці варта сказаць старому, што я думаю?

— Не, бадай што не варта гэтага рабіць. Ён ужо дастаткова многа ведае. Магчыма, яму лягчэй будзе паступова прыйсці да гэтай жудаснай праўды. Не гавары яму нічога аб тым, што мы бачылі. Ты займіся вывучэннем слядоў, а я пастараюся адвесці ўсіх ад гэтага месца.

— Добра, маёр, — сказаў следапыт. — Мне здаецца, я здагадваюся, адкуль павінен пачынацца след назад. Дайце мне дзесяць хвілін на гэтую справу, а пасля падыйдзіце да мяне па майму сігналу.

Сказаўшы гэта, Спэнглер паехаў назад да таго месца, дзе