Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

была кроў. Там ён зноў уважліва ўглядаўся ў сляды, а пасля павярнуў у бакавую прасеку.

Ва ўмоўлены час пачуўся яго рэзкі свісток. Па гуку можна было меркаваць, што следапыт адышоў амаль на цэлую мілю ўбок.

Маёр даў загад рушыць. Ён ехаў наперадзе са старым Пойндэкстэрам і яшчэ з некалькімі людзьмі з мясцовай знаці. Але кіраўнік атрада нікому не сказаў аб жудасных і загадачных адкрыццях следапыта.


Раздзел XL

МЕЧАНАЯ КУЛЯ

Экспедыцыя адправілася не па прасецы, а цераз лясныя зараснікі. Гэты шлях быў выбран маёрам з тым, каб збавіць старога ад лішніх пакут пры відзе крывавай лужыны.

Атрад прабіраўся цяпер па такой вузкай сцежцы, што два коннікі ледзь маглі ехаць побач; месцамі сцежка расшыралася, потым зноў звужвалася.

Аднастайнасць гэтай паездкі была скрашана невялікім здарэннем.

На адну з палянак, размешчаную на шляху атрада, з гушчы зарасніка выскачыў ягуар — жывёла, рэдкая па сваёй прыгожасці нават для трапічных джунгляў. Прырода дзівосна распісала яго жоўтую скуру чорным ажурным узорам нейкіх разетак, кружкоў, плям, якія капрызна спалучаліся адна з другой. Вялізны стракаты кот, гібкі, дужы, які эластычным прыжком выскачыў на лугавіну, не мог не спыніць на сабе ўвагу коннікаў, не гледзячы на ўсю сур‘ёзнасць задачы экспедыцыі.

Спакуса для паляўнічых была занадта вялікай, і двое спусцілі куркі.

Гэта быў Касій Кольхаун і адзін малады плантатар, які ехаў побач з ім.

Адна куля трапіла ў цэль і ўклала на месцы прыгажуна джунгляў.

Каму з двух належаў гонар удачнага стрэлу? Абодва, і Кольхаун і малады плантатар, прыпісвалі яго сабе.

— Я вам дакажу, — упэўнена абвясціў капітан, злазячы з каня. Ён дастаў свой нож і, звярнуўшыся да прысутных, сказаў. — Калі гэта куля мая, то на ёй будуць мае ініцыялы — «К. К. К.» Мае кулі зроблены па спецыяльнаму заказу, і я заўсёды магу пазнаць забітую мной здабычу.

Урачысты выгляд, з якім Кольхаун трымаў гэтую кулю, сведчыў аб тым, што ён сказаў праўду. Самыя цікаўныя падышлі паглядзець: куля сапраўды была памечана ініцыяламі капітана.

Неўзабаве пасля гэтага падарожнікі пад‘ехалі да месца, дзе чакаў следапыт, і накіраваліся па новых слядах.