Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

Гэта ўжо не быў след двух падкаваных коней. Следапыт разгледзеў толькі след аднаго каня, і прытым настолькі мала прыкметны, што месцамі ніхто, апрача яго самога, не мог яго разгледзець.

След гэты ішоў праз зараснікі, час ад часу выводзіў на палянкі і, нарэшце, апісаўшы круг, прывёў на адкрытае месца, некалькі далей на захад.

Спэнглер прадаўжаў хутка ехаць па гэтым следзе. Атрад ехаў за ім. Спэнглер ведаў, што гэта быў след таго самага мустанга, адбіткі капытоў якога ён бачыў пад топалем, там, дзе валяліся два акуркі па-прыяцельску выкураных сігар, дзе сляды танулі ў лужыне крыві.

У той кароткі прамежак часу, калі следапыт аставаўся адзін, ён вывучыў таксама і след амерыканскага каня. Ён зразумеў, што гэты след прывядзе назад у прэрыю, па якой яны ехалі сюды, і затым, напэўна, да сетлмента на Леоне.

Але не ў ім была разгадка крывавай драмы; след мустанга, здавалася, абяцаў значна больш, — вельмі магчыма, што ён мог прывесці да разгадкі гэтай крывавай таямніцы, магчыма, нават да разбойніцкага логава забойцы.

Але гэты след азадачыў яго не менш, чым пераблытаныя сляды пад топалем.

Ён не ішоў проста, як гэта звычайна бывае, калі жывёліна ідзе ўперад, накіроўваемая да нейкай пэўнай мэты. След то звіваўся зігзагамі, то апісваў невялікі круг, то ішоў проста, пасля зноў кружыў. Стваралася ўражанне, што ў мустанга або не было конніка, або коннік заснуў, седзячы ў сядле.

Ці мог гэта быць след каня, на якім ехаў злачынца, што хаваўся пасля толькі што зробленага забойства?

Спэнглер гэтага не думаў. І наогул ён ўжо не ведаў, што думаць. Ён быў азадачаны больш, чым калі-небудзь. І ў гэтым ён прызнаўся маёру.

Экспедыцыя ехала далей. Ва ўсіх яе ўдзельнікаў было цяжкае пачуццё прыгнятаючай няпэўнасці. Але нечакана гэта пачуццё змянілася глыбокім жахам.

Што-б вы падумалі, калі-б раптам перад вашымі вачыма з‘явіўся чалавек, які спакойна сядзіць на кані, падобны, на першы погляд, на ўсякага іншага конніка, што едзе па прэрыі. І ўявіце сабе, што, прыгледзеўшыся да яго больш уважліва, вы-б раптам выявілі, што ў конніка… нехапае галавы! Было-б, вядома, дзіўным, калі-б такоё адкрыццё не выклікала ў вас жах.

Вось гэтае якраз відовішча і паўстала перад вачыма ўдзельнікаў экспедыцыі. Рэзкім рухам усе яны адначасова спынілі сваіх коней, як быццам перад зіяючай прорвай.

Сонца было ўжо нізка над гарызонтам, амаль на ўзроўні травы, і свяціла ім проста ў вочы, асляпляючы і не даючы магчымасці як след бачыць. Усё-ж усе ясна разгледзелі, што дзіўная фігура, якая паўстала перад іх вачыма, — гэта коннік без галавы.