Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

ныя самбрэро на галаве — усё гэта выдавала ў іх мексіканцаў або людзей, якія пераймаюць у мексіканцаў.

Але чатыры коннікі, бясспрэчна, былі мексіканцамі. Смуглая скура, чорная густая шэвелюра, правільныя абрысы твара — усё гэта было характэрна для людзей іспанскага тыпу.

Адзін з коннікаў быў больш моцнага складу, чым яго спадарожнікі. Ён ехаў на самым прыгожым кані. Яго касцюм быў багацейшы. Яго зброя была лепшага вырабу. Ды і з усяго астатняга было відаць, што ён — старшы ў гэтай чацвёрцы.

Яму было трыццаць-сорак год. Яго можна было-б назваць нават прыгожым, калі-б не халодны, нейкі зверскі позірк і не азызлы твар, які выдаваў грубасць інстынктаў і жорсткасць.

Гэта быў не хто іншы, як Эль-Кайот — воўк прэрый.

Як здарылася, што Эль-Кайот ехаў па прэрыі так рана, як відаць, зусім цвярозы, на чале іншых таварышоў? Бо толькі-ж некалькі гадзін таму назад яго бачылі п‘яным?

Гэтую раптоўную і, да некаторай ступені, дзіўную перамену не так ужо цяжка растлумачыць.

Ад‘язджаючы, Кольхаун не зачыніў дзверы хакале, і яны асталіся адчыненымі да раніцы.

Досвіткам Эль-Кайот прачнуўся ад холаду. Гэта крыху працвярэзіла яго. Усхапіўшыся з ложка, ён пачаў, хістаючыся, хадзіць па халупе, пасылаючы праклёны холаду і дзвярам, якія гэты холад упусцілі.

Шэрае святло ранняга золаку яшчэ вельмі слаба асвятляла халупу. Эль-Кайот шнырыў навокал, спатыкаючыся і лаючыся, пакуль, нарэшце, не знайшоў таго, чаго шукаў: вялікую флягу, у якой у яго звычайна захоўвалася выпіўка.

— Кроў хрыстова! — закрычаў ён, у злосным расчараванні патрасаючы флягай. — Ні кроплі! А мой язык прыліпае да зубоў. Маё горла гарыць, нібы цераз яго прапусцілі цэлую жароўню гарачых вугаляў. Чорт вазьмі! Я не магу больш цярпець. Што-ж рабіць? Ужо днее. Давядзецца паехаць у гарадок. Магчыма, што сен‘ёр Дофер ужо адкрыў сваю пастку, каб лавіць ранніх птушак. Калі так, то ён знойдзе ў Эль-Кайоце яшчэ аднаго наведвальніка!

Перакінуўшы раменьчык флягі цераз плячо і накінуўшы на сябе серапэ, Эль-Кайот адправіўся ў сетлмент.

Праз дваццаць хвілін ён ужо быў у таверне.

Яму пашанцавала. Обердофер быў ужо ў бары. Ён абслугоўваў сваіх ранніх гасцей — некалькіх салдат, што пракраліся міма караула, каб выпіць у таверне.

— Бог мой, містэр Дыяз! — сказаў гаспадар, вітаючы новага госця і бесцырамонна пакідаючы шасцярых гасцей, якія выпівалі ў крэдыт, дзеля аднаго, які — ён гэта ведаў — заплоціць яму наяўнымі. — Ці вы гэта так рана на нагах? Я ведаю, чаго вы хочаце. Вы хочаце, каб я напоўніў вашу флягу мексіканскім напіткам, аг-аг… Як вы гэта называеце?