Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

— Агвардыентэ! Вы адгадалі, кавальеро. Гэта якраз тое, чаго я хачу.

— Адзін долар. Гэта каштуе адзін долар.

— Карамба! Я плаціў дастаткова часта, каб ведаць цану.Вось вам манета, а вось пасуда. Напоўніце яе, толькі хутчэй.

— Вы спяшаецеся, містэр Дыяз? Я не прымушу вас чакаць. Вы, напэўна, спяшаецеся на паляванне на дзікіх коней. Баюся толькі, што калі ў табунах ёсць добрыя коні, то ірландзец зловіць іх раней за вас. Ён паехаў з майго дома ўночы. Дзіўны госць гэты містэр Морыс Джэральд! Ніхто ніколі не ведае, чаго ад яго чакаць. Я нічога не магу сказаць супроць яго. Для мяне ён быў добрым наведвальнікам. Ён разлічыўся па сваім вялікім рахунку, як багаты чалавек. Яго кішэні былі поўны долараў.

Мексіканец быў вельмі зацікаўлены паведамленнем Обердофера.

Ён выявіў гэта лёгкім выкрыкам здзіўлення і нецярплівымі рухамі.

Аднак, яму не хацелася, каб гэта заўважылі. Замест таго, каб распытаць у Обердофера і такім чынам выдаць сябе, ён адказаў з абыякавым выглядам.

— Гэта мяне не датычыць, кавальеро. У прэрыі дастаткова мустангаў. Хопіць усім. Будзьце здаровы, сен‘ёр, і дайце мой агвардыентэ.

Крыху засмучаны, што яму не далі папляткарыць, немец пачаў хутка напаўняць флягу. Не спрабуючы больш прадаўжаць размову, ён працягнуў яе мексіканцу, узяў долар і вярнуўся да сваіх заўсёдных таварышоў.

Дыяз, не гледзячы на смагу, вышаў з бара, не адкаркоўваючы бутэлькі і як быццам нават не ўспамінаючы аб ёй. Ён быў цяпер узрушаны нечым больш моцным, чым жаданне выпіць.

Не трацячы ні хвіліны, мексіканец заехаў у тры халупы на ўскраіне сетлмента і пасля гэтага адправіўся да сябе ў хакале. Вяртаючыся дадому, Эль-Кайот заўважыў каля халупы сляды падкаванага каня.

«Карамба! Капітан-амерыканец быў тут сёння ўночы. Чорт вазьмі! Я штосьці ўспамінаю, але мне здавалася, што я гэта бачу ў сне. Я здагадваюся, чаго ён сюды прыязджаў. Ён даведаўся аб ад‘ездзе дона Морысіо. Напэўна, ён яшчэ зойдзе. Ха-ха! Усё будзе зроблена і без яго. Мне не патрэбна будзе яго далейшых указанняў. Mil pesos! Тысячу манет! Што за шчасце! Як толькі я іх атрымаю, я паеду на Рыо-Грандэ, і тады паглядзім, што мне ўдасца зрабіць з Ісідорай».

Эль-Кайот аставаўся у сваім хакале нядоўга. Ён наспех праглынуў некалькі кавалачкаў смажанага мяса, хутка запіў іх добрым глытком агвардыентэ, затым злавіў каня, асядлаў яго, адзеў вялізныя шпоры, прывязаў да сядла маленькі карабін, сунуў два