Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/132

Гэта старонка не была вычытаная

пісталеты ў кабуру, прымацаваў яе ля папругі, ускочыў у сядло і хутка паімчаўся. А перад тым як выехаць у прэрыю, ёй яшчэ раз заехаў на ўскраіну сетлмента, дзе сустрэўся з таварышамі.

Трое паплечнікаў Эль-Кайота, здавалася, ўжо ведалі аб яго планах. Ва ўсякім выпадку, яны ведалі, што месца дзеяння будзе на Аламо. Калі ў пачатку дарогі Дыяз звярнуў убок, яны крыкнулі яму, што ён едзе не па той дарозе.

— Я добра ведаю Аламо, — сказаў адзін з іх, таксама мустангер. — Я там паляваў шмат разоў. Гэта месца ляжыць на паўднёвы ўсход адсюль. Самая блізкая дарога туды ідзе вунь цераз тую прасеку. Вы звярнулі занадта на захад, дон Мігуэль.

— Няўжо? — з пагардай адказаў кіраўнік чацвёркі. — Вы забываецеся, сен‘ёр Віцэнтэ Барахо, што нашы коні падкуты. Індзейцы-ж не выязджаюць з форта Індж з тым, каб ехаць прама на Аламо. Вы разумееце мяне?

— Правільна! — адказаў Барахо. — Карамба! Я аб гэтым і не падумаў.

Без далейшых пярэчанняў трое паплечнікаў Эль-Кайота паехалі за ім. Яны ехалі амаль у поўнай маўклівасці, пакуль, нарэшце, не дасягнулі лесу.

Трапіўшы пад прыкрыцце зараснікаў, усе чацвёра злезлі з коней і прывязалі іх да дрэў.


Раздзел XLII

КАРШУНЫ

Стая чорных каршуноў, што кружылася над прэрыяй, — гэта карціна, звычайная для Паўднёвага Техаса. І той, хто падарожнічаў тут, вядома, бачыў гэтае відовішча.

Каршуны апісваюць у паветры шырокія кругі або ўюцца спіраллю. Яны то спускаюцца, амаль закранаючы траву або вяршыні лесу, то раптам узлятаюць высока, падкідваемыя нейкай сілай; на фоне неба выразна відаць іх сілуэты.

Падарожнік, які ўбачыць гэта ўпершыню, мімаволі спыніць свайго каня і будзе назіраць з цікаўнасцю гэтае відовішча. Нават той, для каго палёт стаі каршуноў не навіна, не можа прайсці міма, не задумаўшыся. Для чаго сабраліся гэтыя драпежнікі? Яны нездарма кружацца. Яны чуюць здабычу…

* * *

Раніцой пасля той змрочнай ночы, калі трое коннікаў перасякалі раўніну, можна было наглядаць як стая чорных каршуноў спускалася над лесам у тым месцы, дзе прасека рабіла паварот. Сотні іх луналі тут на шырока распасцёртых крыллях; змрочна вырысоўваліся чорныя цені драпежнікаў над зялёным лісцем лесу.

Нездарма ляталі каршуны.

У лесе, на адлегласці чвэрці мілі ад акрываўленага месца,