Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/133

Гэта старонка не была вычытаная

ляжаў, расцягнуўшыся на зямлі, чалавек-юнак з цудоўным тварам, не скажоным нават самой смерцю.

Ці памёр ён?

Палажэнне цела і выраз твара не пакідалі ў гэтым сумнення.

Ён ляжаў на спіне, яго ногі і рукі цяжка апусціліся на камяністую зямлю.

Непадалёку ад яго рос вялізны дуб, але ён не ахоўваў ляжачага сваім ценем. І праменні сонца, якія толькі што пачалі пранікаць у лес, слізгалі па бледным твары, які здаваўся яшчэ бляднейшы ад белай панамы, злёгку прыкрываўшай галаву юнака.

Ці памёр гэты чалавек?

Мяркуючы па паводзінах каршуноў, можна было-б сказаць, што ён памёр. Але на гэты раз інстынкт ашукаў драпежнікаў.

Вочы распасцёртага чалавека пачалі расплюшчвацца. Ці праменні сонца, што свяцілі яму проста ў твар, выклікалі гэта, а магчыма, адпачынак вярнуў яго да жыцця, але вочы расплюшчыліся, і ён пачаў варушыцца. Неўзабаве ён крыху прыпадняўся, абапёршыся на локаць, і паглядзеў неўразумяваючым позіркам навокал сябе.

Каршуны падняліся высока ў паветра.

— Памёр я ці жыву? — прашаптаў ён. — Сон гэта ці праўда? Што гэта? Дзе я?

Сонечнае святло асляпляла яго. Ён не мог глядзець, пакуль не закрыў вачэй рукою.

— Дрэвы нада мной, навокал мяне! Каменні! Лес! Як я трапіў сюды? Так, успамінаю, — прадаўжаў ён пасля кароткага размышлення. — Я ўдарыўся галавою аб дрэва. Вось яно. Вось той самы сук, які выбіў мяне з сядла. Левая нага баліць. А, успамінаю, яна ўдарылася аб ствол. Што гэта? Няўжо яна зламаная?

Гаворачы гэта, чалавек паспрабаваў устаць. Але гэта яму не ўдалося. Хворая нага адмаўлялася яму служыць. Яна моцна распухла ў калене.

— Дзе-ж конь? Уцёк, вядома. Цяпер ён ужо, напэўна, у стайні Каса-дэль-Карво. Мне аб ім няма чаго турбавацца. Я не мог-бы сесці на яго, калі-б ён нават і стаяў тут, побач. О, божа, што гэта было за відовішча! Нядзіва, што конь спудзіўся. Што-ж мне рабіць? Мая нага, напэўна, зламаная. Без чыёй-небудзь дапамогі я не магу крануцца з месца. І няма ніякай надзеі, што хто-небудзь прыдзе сюды. Ух, гэтыя мярзотныя драпежнікі! Яны выцягваюць свае дзюбы, як быццам ужо не сумняваюцца ў тым, што я памёр!.. Ці доўга я тут ляжаў? Сонца паднялося не вельмі высока. А я сеў у сядло досвіткам. Напэўна, я праляжаў у беспрытомнасці цэлую гадзіну. Справа дрэнная. Ва ўсякім выпадку, нага, як відаць, пераломана, хірурга тут няма. Камяністая пасцель сярод цехаскіх джунгляў. Зараснікі навокал — яны цягнуцца на многа міль. Няма надзеі выбрацца адсюль самому. А чалавек сюды не прыдзе. Ваўкі на зямлі і каршуны ў паветры… І як гэта я паехаў, не падабраўшы павадоў?