Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

Твар маладога чалавека засмуціўся. Ён рабіўся сумнейшым па меры таго, як ён удумваўся ў небяспеку свайго становішча.

Яшчэ раз ён паспрабаваў устаць на ногі. Гэта яму ўдалося. Але адразу-ж ён выявіў, што служыць яму можа толькі адна нага, на другую нельга было ступіць. Давялося зноў легчы.

Ён пачаў моцна крычаць. Крычаў доўга, пакуль не пераканаўся, што ўсёроўна яго ніхто не пачуе.

Ад крыку яму захацелася піць.

Смага ўсё павялічвалася і, нарэшце, заглушыла ўсе астатнія адчуванні, нават моцны боль.

«Я загіну ад смагі, калі толькі астануся тут, — думаў ранены. — Мне трэба зрабіць намаганне і дабрацца да вады. Наколькі я памятаю, тут дзесьці недалёка павінен быць ручай. Я павінен дабрацца да яго хоць-бы паўзком, на каленях і руках. На каленях? Але-ж адно калена ў мяне нікуды не варта. Але што-ж рабіць? Трэба паспрабаваць. Чым даўжэй я астануся тут, тым будзе горш. Сонца пачынае пячы. Яно паліць ужо мне галаву. Я магу страціць прытомнасць, і тады — ваўкі, каршуны…»

Яго аж скаланула ад жудасці.

«Толькі-б знайсці дарогу! Я памятаю ручай вельмі добра. Ён цячэ ў напрамку да крэйдавай прэрыі. Гэта на паўднёвы ўсход адсюль. Паспрабую ўзяць гэты кірунак. На шчасце, я магу цяпер арыентавацца па сонцу. Толькі-б у мяне хапіла сіл дабрацца!»

Ранены пачаў прабірацца паўзком праз зараснікі, цягнучы за сабою хворую нагу.

Праз кароткія прамежкі яму даводзілася спыняцца, каб адпачыць. Нялёгка-ж падарожнічаць у такім ненатуральным для чалавека палажэнні — на каленях і руках, асабліва калі адна з чатырох канцавін адмаўляецца служыць.

Ён прасоўваўся павольна і з вялікімі пакутамі. Толькі пагроза смерці прымушала яго прадаўжаць свой шлях.

Ён прапоўз ужо каля чвэрці мілі, і тут ў яго прамільгнула думка, што, магчыма, яму ўдасца перасоўвацца іншым спосабам.

«Добра было-б паспрабаваць пачыкільгаць нагамі. Толькі для гэтага патрэбен кастыль. О, ды нож-жа са мною! А вось і падыходзячае дрэўца — карлікавы дуб».

Ён выцягнуў з-за папругі нож, зрэзаў дрэўца і зрабіў з яго кастыль. Стаўшы на ногі і абапёршыся на кастыль, ранены ішоў далей.

Прайшоўшы з мілю ўперад, — праўда, з частымі прыпынкамі для адпачынку, — ён прышоў да месца, дзе прыкметны быў след звяроў. След быў ледзь прыкметны, але ішоў простым напрамкам. Як відаць, гэта быў шлях да вадапою — да якой-небудзь крыніцы, сажалкі або става.

Не звяртаючы ўжо больш увагі на сонца, чалавек рушыў па гэтым следзе. Іншы раз ён варочаўся да свайго першага спосабу перасоўвання, бо ісці на кастылі ўвесь час было вельмі цяжка.