Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/135

Гэта старонка не была вычытаная

Але наперадзе яго чакала расчараванне. След хутка скончыўся — ён прывёў на палянку, акружаную непралазнымі зараснікамі. Ранены зразумеў цяпер, што пайшоў па няправільным кірунку: вадапой быў на супроцьлеглым канцы гэтага следу.

Нічога не аставалася рабіць, як павярнуць назад. Астацца на паляне — азначала загінуць.

Падганяемы страшэннай смагай, ранены напружваў апошнія сілы, але з кожнай хвілінай іх рабілася ўсё менш.

Дрэвы, паміж якімі яму даводзілася прабірацца, амаль не давалі ценю; гэта былі акацыі, якія перамешваліся з кактусамі і дзікай агавай. Паўдзённае сонца пачало паліць бязлітасна.

Ранены абліваўся потам, і гэта яшчэ больш узмацняла смагу.

Пакуты павялічваліся яшчэ ад таго, што хворая нага зусім ужо адмовілася служыць. Яна распухла да неймаверных размераў. Кожны крок прычыняў яму пякучы боль. У яго больш не аставалася надзеі.

Смерць прыдзе не адразу. Ні атрыманы ўдар галавы, ні пашкоджанне калена не прывядуць да хуткага канца. Яму пагражала смерць ад смагі, самая пакутлівая з усіх смерцяў.

Гэта думка прымусіла яго зноў напружыць сілы. І, не гледзячы на пакутлівы боль, ранены прадаўжаў свой шлях.

А чорныя каршуны ўсё кружыліся над ім. Колькасць іх не змяншалася, а, наадварот, нават павялічвалася. Хоць намечаная афяра яшчэ і рухалася, але драпежніцкім інстынктам птушкі адчувалі, што канчына блізка.

Іх цені зноў засланялі сляды на шляху да выратавання, — пакутніку здавалася, што ў іх лунала сама смерць.

Навокал была поўная цішыня. Птушкі змоўклі. Спякотнае сонца ўтаймавала нават цвыркуноў і лягушак. Адзінымі гукамі, якія парушалі цішыню зараснікаў, былі шорах вопраткі пакутніка і зрэдку яго крык, які безнадзейна заклікаў на дапамогу.

Шыпы кактуса і агавы паранілі яму твар і рукі, і кроў цякла, змешваючыся з потам.

У поўнай роспачы ранены зваліўся нарэшце на зямлю, не верачы больш у магчымасць выратавання.

Але зусім нечакана ў гэтым вось і было яго выратаванне. Лежачы, прыпаўшы вухам да зямлі, ён пачуў слабы, ледзь адразняльны гук. Гэта быў той іменна гук, якога ён так напружана чакаў. Гэта было журчанне вады.

З крыкам радасці чалавек устаў, абапёрся на кастыль і з новым прылівам сіл рушыў далей.

Здавалася, нават яго хворая нага пачала лепш яму служыць. Гэта была барацьба бадзёрасці і любві да жыцця са страхам смерці.

І любоў да жыцця перамагла. Праз дзесяць хвілін ранены ўжо ляжаў, расцягнуўшыся на траве, каля хрустальнай крыніцы, здзіўляючыся, як гэта простая смага магла прычыняць яму такія страшэнныя пакуты.