Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/136

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел XLIII

У ХАЛУПЕ МУСТАНГЕРА

Зноў у халупе мустангера! Зноў яго верны слуга Фелім сядзіць конна на крэсле сярод пакоя. Зноў, выцягнуўшыся на скуры, перад агнём ляжыць яго сабака.

Дзверы, абабітыя скурай мустанга, па-ранейшаму вісяць на сваіх петлях. Той-жа прымітыўны стол, той-жа ложак, тыя-ж крэслы.

Бутля з віскі па-ранейшаму стаіць у куце на сваім месцы, Фелім бачыць яе часцей, чым які-небудзь іншы прадмет у халупе, таму што, куды-б ён ні глядзеў, яго вочы ўвесь час вяртаюцца да спакушаючай пасудзіны ў лазовай карзіне.

— А, мой скарб, вось дзе ты! — гаворыць ён, напэўна, дваццаты раз, паглядаючы на бутлю. — У тваім-жа цудоўным жываце больш як дзве кварты. Калі-б толькі дзесятая частка трапіла ў мой жывот, як было-б гэта карысна для майго стрававання! Ці не праўда, Тара?

Пачуўшы сваё імя, сабака падняў галаву і пытальна паглядзеў навокал, нібы пытаючыся, чаго ад яго хочуць.

— Я зусім не пытаюся ў цябе, дружа, аб усёй бутлі! Я сам ведаю, што так нікуды няварта. Справа ідзе толькі аб адной шкляначцы. Але я не асмельваюся і кроплі выпіць пасля таго, што мне сказаў гаспадар. Ну, і памучыўся-ж я сёння з гэтымі зборамі і ўкладаннем. У мяне проста язык прыліп да горла. Якая крыўда, што містэр Морыс узяў з мяне абяцанне не чапаць бутлі. І каму яна толькі патрэбна? Ён-жа сам сказаў, што астанецца тут толькі на адну ноч пасля таго, як вернецца з сетлмента. Не выпіць-жа двух кварт за адзін вечар! Хіба толькі, калі стары грахаводнік Стумп прыедзе з ім. Ну, тады толькі трымайся! Гэты вып‘е і больш! Адна ўцеха, што мы паедзем у наш Балібалах. Ох, ужо і вып‘ю-ж я там сапраўднай ірландскай гарэлкі! Пры адной толькі думцы аб гэтым можна звар‘яцець ад прыемнасці!

Некаторы час Фелім прасядзеў моўчкі, нібы ў думках перабіраючы тыя радасці, якія чакаюць яго ў Балібалаху.

Але хутка мары яго прывялі ў той куток, дзе стаяла спакусніца-бутля. Зноў вочы ірландца з прагнасцю накіраваліся ў гэты заветны куточак.

— Скарб ты мой! — сказаў Фелім, звяртаючыся да бутлі. — Вельмі-ж ужо ты прыгожая, павінен табе сказаць. Ты-ж не выдасі мяне, калі я цябе толькі разок пацалую? Толькі адзін пацалунак. Што-ж у гэтым дрэннага? Нават гаспадар нічога не скажа, калі толькі даведаецца, як мне давялося папрацаваць з упакоўкай. Колькі пылу я наглытаўся! А пасля — мы-ж выязджаем. А як-жа не выпіць на дарогу? Без гэтага нельга — бездараж будзе. Я так і скажу гаспадару, і ён не раззлуецца. Апрача таго, ён-жа спазніўся ўжо на цэлых дзесяць гадзін.