Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

Скажу яму, што я выпіў толькі маленькі глыточак, каб нічога не думалася. Ну, хай будзе, што будзе. Я толькі панюхаю крыху, а там ужо як лёс захоча. Ляжы, Тара, я не пайду.

Сабака ўстаў, бачачы, што Фелім накіроўваецца да дзвярэй.

Тара не зразумеў намераў Феліма. Ён вышаў толькі паглядзець, ці не відаць гаспадара і ці не перашкодзіць ён яму ажыццявіць задуманы план.

Пераканаўшыся, што нікога няма, Фелім хутка накіраваўся ў куток, адаткнуў бутлю і, паднёсшы яго да губ, праглынуў крыху больш як глыток.

Паставіўшы бутлю на месца, слуга вярнуўся і моўчкі сеў на крэсла. І зноў загаварыў сам з сабою:

— Не магу зразумець, чаму гэта так доўга няма гаспадара. Ён сказаў, што вернецца сюды к васьмі гадзінам раніцы, а цяпер ужо шэсць гадзін вечара, калі толькі цехаскае сонца не хлусіць. Напэўна, штосьці затрымала яго. Як ты думаеш, Тара?

На гэты раз Тара фыркнуў сцвярджальна, — яму ў нос трапіў попел.

— Ці не здарылася чаго? Што-ж тады будзе з намі, Тара? Ах ты, стары мой пёс! Тады нам доўга не бачыць Балібалаха. Хіба толькі калі прадаць вось гэта барахельца гаспадара.

Фелім устаў і накіраваўся да дзвярэй.

— Пойдзем, Тара! — закрычаў Фелім. — Пойдзем, стары сабака, паглядзім, ці не відаць гаспадара. Містэру Морысу будзе прыемна, калі ён убачыць, што мы аб ім турбуемся.

Фелім з Тарай накіраваліся да абрывістага берагу Аламо. Прайшоўшы спачатку нізам і прабіраючыся цераз густыя зараснікі, яны падышлі да адкоса і пачалі ўзбірацца. Хутка яны апынуліся на вяршыні кручы.

Перад іх вачыма адкрылася раўніна.

Сонца спусцілася ўжо досыць нізка, але яшчэ добра асвятляла прэрыю.

На зусім роўнай паверхні сям-там тырчэлі кактус або адзінокае дрэўца юкі. Больш нішто не парушала аднастайнасці стэпа, і нішто не загараджвала даляў. Здавалася, калі-б па прэрыі прабег кайот, то і яго лёгка можна было-б заўважыць.

На вялікай адлегласці ўдалечыні відаць была цёмная палоска лясных зараснікаў.

Фелім моўчкі глядзеў у тым напрамку, адкуль ён чакаў свайго гаспадара.

Яму нядоўга давялося чакаць. На гарызонце з-за дрэў паказаўся коннік. Ён накіроўваўся да Аламо.

Коннік быў яшчэ на адлегласці больш мілі, але верны слуга пазнаў ўжо ў ім свайго гаспадара. Ён пазнаў яго па паласатым серапэ яркай афарбоўкі: ні ў кога з мексіканцаў не было такога — яно было выткана індзейцамі племя навахо.