Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

Фелім толькі здзівіўся, чаму гаспадар накінуў серапэ сабе на плечы ў такі душны вечар. Здавалася-б, разумней было скруціць яго і прывязаць да сядла.

— Тара, сабака мой! Вось і гаспадар наш! Але толькі цяпер такая гарачыня, што можна на каменнях смажыць мяса, а ён як быццам гэтага не заўважае. Ці не прастудзіўся ён у гэтай кануры ў таверне Обердофера? Свіння, і тая не захацела-б там жыць. Наша халупка — проста салон у параўнанні з ёю.

Фелім некаторы час моўчкі наглядаў за коннікам. Падарожнік ужо быў на адлегласці поўмілі і прадаўжаў набліжацца.

— Маці Маісея! — закрычаў Фелім. — Што-ж гэта ён прыдумаў? Не, гэта, напэўна, проста жарт, Тара. Ён хоча, каб мы з табою здзівіліся. Яму захацелася пажартаваць з нас… Святы Патрык! Як гэта дзіўна? Падобна, што ў яго няма галавы. Дапраўды, няма. Што-ж гэта можа азначаць? Святая дзева! Ды калі-б не ведаць, што гэта гаспадар, можна сапраўды перапалохацца… Ды ці гаспадар гэта? Як быццам-бы наш гаспадар павінен быць вышэй. А галава? Захавай нас, святы Патрык, дзе-ж яна? Яна-ж не можа быць пад серапэ? Не падобна да гэтага. Што-ж усё гэта азначае, Тара?

У голасе Феліма пачынаў ужо гучэць жах.

Сабака стаяў крыху наперадзе ў Феліма. Бліскучымі, шырока раскрытымі вачыма ён уставіўся на свайго гаспадара, які быў ужо на адлегласці якіх-небудзь паўтараста крокаў.

Калі Фелім задаў сваё апошняе пытанне, якое закончыла яго доўгую тыраду, Тара ў адказ толькі жаласліва завыў.

Услед за тым сабака сарваўся з месца і кінуўся насустрач конніку. Нястрымна імчаўшыся наперад, ён неяк прарэзліва ўзвізгваў; візг гэты зусім не быў падобны да таго аксамітнага, прыгожага брэху, якім ён звычайна вітаў вяртаўшагася дадому мустангера.

Гнеды, у якім Фелім ужо даўно пазнаў каня гаспадара, крута павярнуў і паімчаўся назад у стэп.

Не адрываючы вачэй ад конніка, Фелім раптам увесь задрыжэў і застыў ад новага прыліву жудасці. Ён убачыў пры павароце каня, — гэта было жудасней за ўсё, — ён убачыў: галава чалавека, таго чалавека, які сядзеў на кані, замест таго, каб быць, як ёй належыць, на плячах, была ў руцэ конніка, ля пярэдняй лукі сядла.

Калі конь павярнуўся да яго бокам, Фелім убачыў, — або, магчыма, яму здалося, што ён бачыць страшны твар мерцвяка, пакрыты запёкшайся крывёю.

Больш ён нічога не бачыў. У наступную-ж секунду Фелім павярнуўся спіною да раўніны, а яшчэ праз секунду ён ужо імчаўся па адкосу ўніз з хуткасцю, на якую былі толькі здольны ногі, якія падкошваліся пад ім.