Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/139

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел XLIV

ЧАЦВЁРА КАМАНЧАЎ

Фелім бег, не спыняючыся і не азіраючыся назад. Капа яго рыжых валасоў раскудлачылася і развявалася ў паветры. Прыбегшы ў халупу, ён зачыніў абцягнутыя скурай мустанга дзверы і забарыкадыраваў іх некалькімі цюкамі і скруткамі, якія ляжалі тут-жа на падлозе.

Але нават і тады ён не адчуў сябе ў бяспецы. Хіба маглі ахаваць дзверы, хоць-бы і загароджаныя, ад той жудасці, якой ён толькі што быў сведкай?

А тое, што ён бачыў, — гэта, вядома, было звышнатуральным, патустароннім. На зямлі такіх цудаў яшчэ не было! Хіба хто-небудзь калі-небудзь бачыў такое відовішча: чалавек на кані і трымае ў руцэ сваю ўласную галаву?.. Хто калі-небудзь чуў аб такой супроцьнатуральнай з‘яве? Вядома, толькі не Фелім О‘Нійл.

Ахоплены жахам, слуга кідаўся ўзад і ўперад па халупе, сядаў на крэсла, уставаў, падкрадваўся да дзвярэй, не асмельваючыся, аднак, ні адчыніць іх, ні нават зазірнуць у шчылінку.

Часамі Фелім рваў на галаве валасы, сударгава сціскаў рукамі скроні і праціраў вочы, нібы стараючыся пераканацца, што ён не спаў і на самай справе бачыў гэты жудасны вобраз.

Паступова, не таму, што ў ім вырасла нейкая ўпэўненасць у безапаснасці, а проста таму, што ён адчуў неабходнасць разабрацца ва ўсім гэтым, да яго вярнуўся дар мовы. Тут пасыпаліся, нібы з рога багацця, бясконцыя пытанні і ўскрыкі. На гэты раз ён звяртаўся толькі да сябе самога. Тары не было дома, і ён не мог прыняць ўдзелу ў размове.

Фелім гаварыў зусім шэптам, нібы баючыся, што яго хто-небудзь можа падслухаць за сцяною хакале.

— Ах! Ах! — уздыхаў ён. — Не можа быць, каб гэта быў ён! Святы Патрык, абарані мяне! Але што-ж гэта было ў такім разе? Там-жа ўсё было яго. Яго конь, паласатае серапэ, ягуаравыя боты і сама галава, вось хіба толькі твар не яго. На твар я таксама паглядзеў, але як можна пазнаць чалавека па твары, які ўвесь пакрыты крывёю? Ах! Гэта не мог быць містэр Морыс! Ніколі! Ніколі!.. Гэта быў сон. Я, мусіць, спаў і бачыў толькі сон. Або, магчыма, усё гэта нарабіла віскі?.. Не. Я не быў п‘яным! Гэтага таксама не можа быць. Не прайшло-ж і поўгадзіны з таго часу, як я бачыў усё гэта… Дарэчы, кропля гэтага напітку цяпер мне вельмі карысна. А то-ж я не буду спаць усю ноч і ўсё буду думаць. Ах! Ах! Што-ж гэта можа быць, нарэшце? І дзе толькі можа быць гаспадар, калі гэта не ён? Святы Патрык! Абарані беднага грэшніка, які астаўся зусім адзін, а навокал толькі духі і здані!

Пасля гэтага звароту да каталіцкага святога ірландзец яшчэ з