Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

большай пачцівасцю звярнуўся да другога бажаства, з даўніх часоў вядомага пад імем Вакха[1]. Апошні пачуў яго просьбы.

Ужо праз гадзіну пасля таго, як Фелім стаяў на каленях перад алтаром гэтага язычаскага бажаства, прадстаўленага ў вобразе бутлі з манонгахельскім віскі, ён вызваліўся ад усіх пакут, хоць і не быў вызвалены ад грахоў. Ён ляжаў упоперак хакале, не толькі не памятаючы аб жудасным відовішчы, якое раніла яго ў самае сэрца, але нават і не памятаючы аб сваім уласным існаванні.

* * *

Спусцілася паўноч. У халупе Морыса-мустангера не было чуваць ні гуку.

Гукі былі чуваць толькі за сцяною. Але гэта звыклыя гукі — начныя галасы лесу: цурчыць крыніца, шэпчуцца лісці, устрывожаныя ветрыкам, стракочуць цыкады. Зрэдку чуваць крыкі нейкага звера.

Ярка свеціць месяц. Срабрыстыя яго праменні, асвятляючы зямлю, пранікаюць у самую гушчу лесу і кідаюць палосы святла сярод чорных ценяў дрэў.

Лічачы за лепшае цень, чым святло, едуць коннікі. Іх нямнога — усяго толькі чацвёра, але на іх жудасна глянуць. Іх голыя, афарбаваныя яркачырвонай фарбай целы, татуіроўка на шчоках, вогненныя пер‘і, што тырчаць на галаве, бліскучая зброя ў руках — усё гэта гаворыць аб дзікай і небяспечнай сіле. Яны ў ваенным уборы каманчаў.

Адкуль яны?

Коннікі накіроўваюцца да халупы, дзе ў беспрытомным стане ляжыць адзін з яе жыхароў. Як відаць, хакале Морыса Джэральда выбрана прадметам іх набегу.

На невялікай адлегласці ад халупы яны саскокваюць з коней, прывязваюць іх да дрэў і ўжо пехатою накіроўваюцца далей.

Яны ідуць крадучыся і зусім нячутна перасоўваюць ногі па апаўшых лісцях. Стараюцца трымацца ў цені. Часта спыняюцца, углядаючыся наперад і прыслухоўваючыся. Верхавод камандуе імі маўклівай жэстыкуляцыяй.

Унутры халупы поўная цішыня. Адтуль не далятае ніводнага гуку.

Чацвёра каманчаў падкрадаюцца да дзвярэй.

Яны замкнуты, але з бакоў іх ёсць шчыліны.

Да гэтых шчылін чатыры дзікуны адначасова прыкладваюць вушы і прытаіўшыся слухаюць.

Не чуваць ні храпення, ні нават дыхання і наогул ніякага гуку.

— Магчыма, — гаворыць па-іспанску іх верхавод, — вельмі магчыма, што ён яшчэ не вярнуўся дадому. Хоць, здавалася-б, ён

  1. Вакх — па грэчаскай міфалогіі бог віна і весялосці.