Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

Але, нібы ў доказ сваёй нерэальнасці, коннік не пакінуў пасля сябе ніякіх слядоў.

Тым не менш гэта акалічнасць была зусім натуральнай. У тым месцы, дзе ён павярнуў, якраз пачыналася крэйдавая прэрыя. Тут паверхня зямлі была густа ўсеяна белай галькай. Сям-там на каменні можна было бачыць драпіны, як відаць, ад падковы. Аднак, гэтыя сляды з цяжкасцю можна было адрозніць, і іх бачыла толькі вострае вока следапыта.

Але нават і гэты мала прыкметны след зусім згубіўся сярод камення.

Калі сонца зайшло, Спэнглер адмовіўся ад далейшых пошукаў. Аставалася толькі вярнуцца да лесу і размясціцца на бівуаку сярод кустоў.

Рашылі досвіткам аднавіць пошукі.

Аднак, гэтага зрабіць не ўдалося — перашкодзілі нечаканыя акалічнасці.

Не паспеў атрад размясціцца лагерам, як з‘явіўся кур‘ер з дэпешай для маёра. Папера была са штаба ў Сан-Антоніо-дэ-Бексар, ад камандуючага акругай.

Папера паведамляла аб нападзе каманчаў у раёне Сан-Антоніо, за пяцьдзесят міль ад Леоны. Індзейцы забівалі мужчын, жанчын і дзяцей, падпальвалі жыллё. Маёр даў распараджэнне драгунам неадкладна вярнуцца ў форт, каб падрыхтавацца да паходу. Сам ён спяшаўся туды-ж.

Вядома, пошукі маглі-б прадаўжаць астаўшыяся цывільныя, але многія з іх адправіліся ў экспедыцыю, захапіўшы з сабою толькі стрэльбу і не ўзяўшы ніякай правізіі. Голад даваў сябе адчуваць.

Адмаўляцца ад пачатай справы ніхто не думаў. Рашылі давесці ўсё-ж яе да канца. Толькі трэба змяніць коней і прызапасіць харчоў. І тады можна зноў аднавіць пошукі.

Невялікая група пад кіраўніцтвам Спэнглера ўзяла на сябе абавязак прасачыць шлях амерыканскага каня. Астатнія-ж адправіліся ў форт разам з драгунамі.

Перш чым развітацца з Пойндэкстэрам і яго сябрамі, маёр палічыў сваім абавязкам паведаміць ім адносна сумных адкрыццяў, зробленых Спэнглерам. Давялося расказаць і пра крывавую лужыну, каб дапамагчы вырашэнню загадкі.

Маёр з цяжарам на сэрцы выказаў падазрэнні адносна маладога ірландца, з якім у яго заўсёды былі вельмі добрыя адносіны. І хоць ён не верыў у вінаватасць Морыса-мустангера, правільней, лічыў гэта мала праўдападобным, тым не менш ён не мог не прызнаць, што супроць Морыса былі сур‘ёзныя доказы. Што датычыць астатніх, то для іх вінаватасць мустангера не выклікала сумненняў. Морыс Джэральд быў абвешчан забойцай. Справа здавалася зусім яснай,

Расказ Обердофера асвятляў толькі пачатак трагічнага здарэння. Конь Генры Пойндэкстэра, увесь апырсканы крывёю,