Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

з акрываўленым сядлом, сведчыў аб трагічнай развязцы. Прамежкавыя стадыі гэтай крывавай справы былі хутка адноўлены, часткова на падставе слоў Спэнглера, часткова па ўноў высунутых здагадках.

Аднак, ніхто не задаў сабе пытання: што магло штурхнуць чалавека на такое злачынства? Ва ўсякім выпадку, сур‘ёзна над гэтым ніхто не падумаў. Сварка з Кольхаунам была ўзята за аснову для вырашэння гэтых сумненняў. Меркавалася, што Морыс перанёс свае варожыя адносіны на ўсю сям‘ю Пойндэкстэраў.

З гэтымі настроямі і думкамі Пойндэкстэр развітаўся з сябрамі. Рашылі прадаўжаць пошукі ў наступную раніцу. Трэба было да канца вывучыць абодва сляды і жывымі або мёртвымі знайсці двух знікшых людзей.

* * *

Група на чале са Спэнглерам размясцілася лагерам на месцы, якое было ўказана маёрам.

Іх было ўсяго каля дзесяці чалавек. У больш моцным атрадзе цяпер не адчувалася неабходнасці. Небяспека з боку каманчаў у гэтым раёне ўжо не была пагражаючай. Як быццам не прадбачылася і іншых магчымасцей.

Замест таго каб легчы спаць, уся група сабралася вакол агню. Размясціліся павячэраць. Закусак і выпіўкі было дастаткова. Усё, што было з сабою ў больш запаслівых людзей, было перадана астаўшымся ў лесе.

Не гледзячы на вясёлае патрэскванне агню і вялікія запасы спіртных напіткаў, настрой быў дрэнны. Дзіўны вобраз конніка без галавы ўсё яшчэ стаяў перад вачыма, і жудаснае пачуццё, выкліканае ім, не магло так хутка рассеяцца. І ніхто па-ранейшаму не ведаў, чым можна вытлумачыць такую нікому не зразумелую з‘яву. Няясна гэта было для Спэнглера, таксама як і для Кольхауна.

Апошні, здавалася, быў усхваляваны больш за ўсіх. Кольхаун сядзеў нахмурыўшыся ў цені дрэў, воддаль ад агню. З таго моманту, як паехалі драгуны, ён не прагаварыў ні слова. Здавалася, што яго нават не цягнула далучыцца да павесялеўшай ад выпіўкі кампаніі. Па-ранейшаму яго вочы блішчэлі нейкім ненатуральным, шкляным блескам, а пячаць сполаху ўсё яшчэ аставалася на яго твары.

— Паслухай, Кольхаун, — закрычаў яму адзін малады чалавек, які ўжо выпіў парадкам, — ідзі сюды, дружа, і сядай з намі к агню. Мы ўсе спачуваем твайму гору і зробім усё, што зможам, каб адпомсціць за цябе і тваіх блізкіх. Але нельга-ж сумаваць увесь час. Ідзі сюды і падзялі з намі ўсмешку манонгахельскага віскі. Гэта будзе табе вельмі карысна, запэўняю цябе.

Кольхаун прыняў сяброўскае запрашэнне і сеў ля агню, сярод выпіваўшай моладзі. Ён зрабіўся такі вясёлы, што выклікаў на-