Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/147

Гэта старонка не была вычытаная

ват здзіўленне ў акружаючых. Незразумела было, як мог трымаць сябе так чалавек, ў якога раніцою, як меркавалі, быў забіты стрыечны брат. Прышоўшы ў якасці госця, ён хутка пачаў адыгрываць ролю гаспадара.

Віно лілося, і моладзь рабілася ўсё весялейшай. Гаварылі, спявалі, танцавалі, нават качаліся па траве. Аднак, гэта штучная весялосць хутка змянілася нястрымным жаданнем спаць. Падарожнікі размясціліся на траве і заснулі.

Не спаў толькі адзін Кольхаун. Пераканаўшыся, што ўсе спяць, ён падняўся і ціхенька пракраўся да свайго каня. Адвязаўшы яго, ён хутка ўскочыў у сядло і ціхенька паехаў.

Ва ўсіх яго паводзінах не адчувалася, каб ён быў хоць колькі-небудзь п‘яны.

Што-ж кіравала ім? Магчыма, ён адправіўся на пошукі з любві да загінуўшага брата? Або хацеў паказаць сваю асаблівую стараннасць, адправіўшыся адзін?

Мяркуючы па асобных фразах, што зрываліся ў яго, можна было зразумець, што такія намеры ў яго сапраўды былі.

— Дзякуй богу, цяпер свеціць месяц, да раніцы яшчэ цэлых шэсць гадзін. Хопіць часу абшукаць кожны куток зараснікаў на працягу двух міль у акружнасці. І, калі толькі труп там, я павінен знайсці яго. Але што-ж гэта магло азначаць? Калі-б я адзін гэта бачыў, я падумаў-бы, што звар‘яцеў. Але ўсе-ж бачылі, усе да апошняга. Сілы нябесныя! Што-ж гэта можа быць?

Не паспеў ён прагаварыць гэтыя словы, як крык раптоўнага жаху сарваўся з яго губ. Ён крута спыніў каня, нібы перад раптоўнай небяспекай.

Кольхаун накіраваўся бакавой сцежкай да ўжо вядомай нам прасекі. Ён толькі што збіраўся выехаць на яе, як раптам убачыў, што нейкі другі коннік таксама едзе па лесе.

Коннік прабіраўся па прасецы не павольным крокам, а хуткім трушком.

Яшчэ задоўга да таго, як ён паспеў наблізіцца, Кольхаун заўважыў, што гэта зноў быў коннік без галавы.

Ён не мог памыліцца. Срэбраныя праменні месяца асвятлялі плечы конніка, — галавы не было. Гэта не магло быць ілюзіяй, створанай месячным святлом. Кольхаун бачыў гэты-ж вобраз і пры яркім сонечным бляску.

Цяпер Кольхаун пазнаў каня, паласатае серапэ на плячах конніка, боты са скуры ягуара — усё гэта належала Морысу-мустангеру.

У капітана было дастаткова часу, каб усё разгледзець падрабязна. Скованы жахам, ён стаяў на бакавой сцежцы, не могучы крануцца з месца.

Толькі пасля таго, як конь дзіўнага конніка з дзікім ірзаннем, у адказ на якое пачулася выццё сабакі, які бег за ім услед, павярнуў і паімчаўся сваёй дарогай, — толькі тады Кольхаун адчуў палёгку, толькі тады вярнулася да яго здольнасць гаварыць.