Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/148

Гэта старонка не была вычытаная

— Сілы нябесныя, — ускрыкнуў ён з дрыготкай у голасе, — што ўсё гэта азначае? Што гэта — чалавек? Ці можа чорт здзекуецца з мяне? Ці ўвесь гэты дзень быў толькі жудасным сном, ці я звар‘яцеў? Звар‘яцеў, звар‘яцеў!

Больш ён нічога не сказаў. Рашучым рухам Кольхаун павярнуў каня і хутка паехаў назад, як відаць, адмовіўшыся ад раней вызначанай мэты.

Затым, пракраўшыся ціханька да агню, ён размясціўся сярод спаўшай моладзі, але не для таго, каб заснуць. Ні на хвіліну не заплюшчыў ён вачэй. Яго трэсла, як у ліхарадцы, і ён з нецярплівасцю чакаў раніцы. Надышоўшая раніца асвятліла сваім слабым святлом страшэнную бледнасць яго твара і жудасны бляск глыбока ўпаўшых вачэй.


Раздзел XLVI

ТАЙНАЕ ПРЫЗНАННЕ

Ледзь толькі пачало днець, вакол гасіенды Каса-дэль-Карво жыццё ўжо ішло поўным ходам.

У дварэ тоўпіліся людзі. Яны былі ўзброены, хоць не былі ваеннымі. У адных — грамоздкія паляўнічыя стрэльбы-аднастволкі або вялікія двухстволкі, у другіх — пісталеты, рэвальверы, у трэціх — вялікія нажы або нават тамагаўкі.

Не меншай разнастайнасцю адрозніваліся і вопратка гэтых людзей: чырвоныя фланелевыя рубашкі красаваліся побач з камзоламі са стракатай тканіны індзейскай работы; карычневыя штаны з даматканай шэрсці побач з блакітнымі баваўнянымі; паярковыя капелюшы і скураныя шапкі; высокія боты з дубленай скуры і абутак з аленяй скуры.

Што азначала з‘яўленне гэтага стракатага натоўпу?

Гэтыя людзі сабраліся каля гасіенды Каса-дэль-Карво, каб прадаўжаць пачатыя пошукі знікшага сына плантатара. Некаторыя з іх удзельнічалі ў пошуках напярэдадні, іншыя далучыліся ўноў. Да апошніх належалі перасяленцы больш аддаленых сетлментаў і паляўнічыя, якіх учора не было дома. Прадметам абмеркавання было забойства Генры Пойндэкстэра. Морыса-мустангера лічылі забойцам.

Ажыўленыя размовы выклікала з‘яўленне ў прэрыі загадачнага конніка без галавы. Скептыкі лічылі гэта выдумкай і спачатку не верылі. Аднак, ім хутка давялося здацца перад настойлівымі сцвярджэннямі вялікай колькасці ачавідцаў.

Усе чакалі Вудлі Пойндэкстэра, які павінен быў стаць на чале сёнешняй экспедыцыі. Чакалі яго распараджэнняў.

Плантатар затрымліваў адпраўленне, спадзеючыся знайсці правадніка — чалавека, які мог-бы паказаць дарогу на Аламо і прывесці атрад да халупы Морыса-мустангера. Такога чалавека не знайшлося. Плантатары, купцы, крамнікі, юрысты, па-