Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/149

Гэта старонка не была вычытаная

ляўнічыя, гандляры коньмі і рабамі — ніхто не ведаў, дзе знаходзілася халупа на Аламо.

Высветлілася, што толькі адзін чалавек у сетлменце мог узяць на сябе гэты абавязак: гэта быў стары Зеб Стумп. Але Зеба Стумпа нельга было знайсці. Ён пайшоў, як звычайна, кудысьці далёка на паляванне. Некалькі чалавек было паслана па яго ў розных напрамках, але адзін за другім яны вярталіся ні з чым.

У гасіендзе была жанчына, якая магла-б беспамылкова паказаць шлях да халупы мустангера. Але Вудлі Пойндэкстэр не ведаў гэтага. І, напэўна, добра, што ён гэтага не ведаў. Калі-б толькі горды плантатар падазраваў, што яго дачка магла быць правадніком да адзінокай халупы на Аламо, яго гора аб страчаным сыне ўзмацнілася-б горкім разуменнем, што дачка яго пайшла па нядобрым шляху.

Апошні чалавек, пасланы на пошукі Зеба Стумпа, вярнуўся да гасіенды без яго. Далей чакаць рабілася ўжо немагчыма — прагнасць помсты сярод сабраўшыхся была занадта вялікая.

Рашылі ў дарогу рушыць без правадніка.

* * *

Толькі паспеў атрад ад‘ехаць ад Каса-дэль-Карво, як у сценах самой гасіенды адбылася сустрэча двух людзей, з якіх кожны добра ведаў дарогу на Аламо. У гэтай сустрэчы не было нічога адмоўнага, нічога загадзя прадугледжанага. Гэта была простая выпадковасць. Зеб Стумп толькі што вярнуўся з палявання і прывёз з сабою запас дзічыны для кухні плантатара.

Для Зеба Стумпа Луіза Пойндэкстэр была, зразумела, дома. Больш за тое, яна з вялікай нецярплівасцю чакала сустрэчы з ім. Жаданне ўбачыць старога паляўнічага ў яе было такое вялікае, што ўвесь дзень напярэдадні, з самага ўсходу сонца і да захаду, яна не зводзіла вачэй з дарогі.

Ледзь паспеў схавацца шумны натоўп удзельнікаў экспедыцыі, як яна ўбачыла старога конна на яго старой кабыле. Памалу ішоў стары каняка пад цяжарам багатай здабычы паляўнічага. Зеб Стумп ехаў па супроцьлеглым беразе ракі, але ўжо паварачваў у бок гасіенды.

Для Луізы было вялікай радасцю ўбачыць вялізную фігуру старога. У гэтым чалавеку яна бачыла прыяцеля, якому магла даверыць свае самыя вялікія таямніцы.

Яшчэ задоўга да таго, як Зеб Стумп з‘явіўся на дварэ, маладая дзяўчына ўжо чакала яго на верандзе.

Паляўнічы накіроўваўся да гасіенды з выглядам вясёлай бесклапотнасці. Ён не падазраваў аб здарыўшымся няшчасці. На твары яго адбілася здзіўленне, калі ён заўважыў, што вароты гасіенды закрыты на засаўку. Гэтага не было ў звычаях дома Пойндэкстэра. Сумны выгляд негра яшчэ больш здзівіў Зеба Стумпа.